10 верасня 2016 года ў пасёлку Асунэ Дагдскага краю, што каля самай латвійска-беларускай мяжы, адбылося яркае мерапрыемства «Беларускія ручнікі», якое адкрыла праект (Nr.LG-2016/NVO - 48) Дагдскага беларускага таварыства «Вербіца», атрымаўшага на конкурсе праектаў падтрымку Міністэрства культуры і Паўднёва-Латгальскага цэнтра падтрымкі недзяржаўных грамадскіх арганізацый. Адным з партнёраў праекта з'яўляецца даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры.
https://bkc.daugavpils.lv/be/foto/63-160916#sigProId6277350f4a
У «Народным доме» дагледжанага пасёлка Асунэ ў Дагдскім краі адбыліся творчыя майстэрні «Беларускія ручнікі». Гасцей віталі старшыня Дагдскага беларускага таварыства «Вербіца» Таццяна Гагалінская, якая выказала падзяку Дагдскай краявой думе і партнёрам, падтрымаўшым праект.
Лектарам на семінары «Беларускія ручнікі» выступіла кіраўніца Екабпілскага беларускага таварыства «Спатканне» Валянціна Дарашчонак. Яна расказала пра традыцыйныя беларускія ручнікі, якія гаспадыні ткалі і вышывалі ўручную. Кожнаму абрадаваму святу, будзь то нараджэнне дзіцяці, вяселле ці пахаванне; кожнаму бытавому дзейству, будзь то выпечка хлеба, лазня ці абед; адпавядаў свой ручнік пэўнага размеру, вышыты пэўным арнаментам, звычайна ніткамі чырвонага альбо сіняга колеру. Займальны расказ Валянціны Дарашчонак суправаджала багатая выстава ручнікоў і песні фальклорнага ансамбля «Завіруха» Екабпілскага беларускага таварыства «Спатканне».
На семінары адбылася ўрачыстая перадача ручніка, які будуць вышываць удзельнікі праекта, ад беларусаў Дагды беларусам Даўгаўпілса. Дагдскае беларускае таварыства «Вербіца» вышыла з двух бакоў слова Dagda і прыгожы арнамент. Праз месяц на беларускім ручніку з'явіцца другі узор і слова Daugavpils, і ён адправіцца далей па Латгаліі.
А затым удзельнікі праекта далі вялікі канцэрт на адкрытай эстрадзе каля Асунскага сельскага савета. У цёплы сонечны дзень у цэнтры пасёлка сабраліся мясцовыя жыхары. Перад імі выступілі танцавальная група «Бальзам души» Асунскага народнага дома, вакальны ансамбль сеньёраў «Вярба» Дагдскага беларускага таварыства, народная студыя з Эзэрніекаў, танцавальны ансамбль «Лянок» і ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка» даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, вакальны ансамбль «Аколіца» Дагдскага беларускага таварыства, фальклорны ансамбль «Завіруха» Екабпілскага беларускага таварыства. Гледачы ўзнагародзілі самадзейных артыстаў шчодрымі апладысментамі. Кожнаму ансамблю-удзельніку арганізатары праекта ўручылі дыплом і букет цудоўных вяргінь.
Віншуючы партнераў, кіраўніца даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская адзначыла, як дынамічна развіваецца апошнія два гады Дагдскае беларускае таварыства «Вербіца»: заснавала і штогод праводзіць свой прыгранічны фестываль «Фэст», удзельнічала ў міжнародных фестывалях «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” і «Славянский базар в Витебске», Латвійскім фестывалі нацыянальных меншасцей «Pīnu, pīnu sītu”. Больш таго – ансамбль Дагдскага беларускага таварыства з'ездзіў на фестываль у Еўропу (Польшчу) і выйграў значны культурны праект, адзіны з усіх беларускіх таварыстваў Латвіі. Гэта рэальны поспех, і так трымаць!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Жана Раманоўская, кіраўніца ЦБК,
т. 654 24695, 20374840, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
LV-5410, Латвія, г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306