27 жніўня 2016 года ў гарадскім паселку Зэльва Гродненскай вобласті, які спрадвеку славіўся сваімі коннымі кірмашамі, прайшоў «Ганненскі кірмаш» - адзін з самабытных рэгіянальных фестываляў Беларусі. Па запрашэнню Зэльвенскага раённага выканаўчага камітэта ў «Ганненским кірмашы» прыняў удзел вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі" Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). У Год культуры ў Беларусі паміж установамі Даўгаўпілса і Зэльвы было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы культуры.
https://bkc.daugavpils.lv/be/foto/60-020916#sigProIdd5dc08bf30
Сваю гісторыю Зэльва вядзе з 16-га стагоддзя. У 17 стагоддзі паселішча перайшло ў валоданне княскага роду Сапегаў. Менавіта з імі і звязаны росквіт Зэльвы, якая набыла сабе славу як гандлёвае месца на шляху Мінск - Слонім - Ваўкавыск - Гродна - Беласток. На знакаміты «Ганненскі кірмаш» прыязджала да 5 тысяч купцоў з расійскіх губерняў, Польшчы, Швецыі, Даніі, Прусіі, Аўстрыі, Францыі і іншых дзяржаў.
Зэльвенскі кірмаш не меў сабе роўных у Беларусі, з’яўляўся злучным звяном паміж вялікарускімі губернямі і замежжам. Асаблівым артыкулам ішоў гандаль коньмі, бывала ў дзень прадавалі па сто коней. Таму нядзіўна, што выява каня знаходзіцца на гербе Зэльвы, а ў цэнтральным парку яму ўсталяваны помнік. А названы кірмаш у гонар Святой Ганны, паколькі менавіта 25 ліпеня пачынаўся «Вялікі Ганненскі кірмаш у Зэльве" і доўжыўся месяц, прыносячы немалы даход Сапегам, казне, гандлярам і мясцоваму люду.
Сёння адроджаны «Ганненскі кірмаш» стаў галоўнай культурнай падзеяй года ў жыцці раённага цэнтра Зэльвы. Два жнівеньскіх дні ў гарадку жыццё б'е ключом: кірмаш, рыцарскія турніры, конкурсы, гульні, майстар-класы, спаборніцтвы на Зэльвенскім вадасховішчы і вялікі канцэрт.
Упершыню на сцэне “Ганненскага кірмаша” выступаў творчы калектыў з Даўгаўпілса. Вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі" пад кіраўніцтвам Анастасіі Малышавай падрыхтаваў паўгадзінную канцэртную праграму, уключыўшы ў яе песні на беларускай, латышскай, латгальскай і рускай мовах. Гледачы сустрэлі гасцей з Латвіі шчодрымі апладысментамі. Асаблівы акцэнт выступленню надало выкананне песні «Беларусы свету» на словы Станіслава Валодзькі, бо Беларусь для многіх членаў латвійскай дэлегацыі з'яўляецца этнічнай радзімай.
У Год культуры ў Беларусі, на фестывалі «Ганненскі кірмаш», у рамках Праграмы развіцця этнаканфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2016-2020 гады, адбылося афіцыйнае падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія) і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага раённага выканаўчага камітэта (Гродзенская вобласць, Беларусь). Пагадненне падпісалі кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская і кіраўніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Раманчук. Дамова прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне ў рознах напрамках культуры, у тым ліку абмен творчымі калектывамі. Народны ансамбль з Зэльвы атрымаў запрашэнне на VI Міжнародны фестываль народных культуры «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе", які адбудзецца ўжо 28 кастрычніка.
У Зэльве “Пралескі” не толькі спявалі, але гулялі па кірмашы, купілі традыцыйныя сувеніры і цудоўны мед, паспрабавалі беларускіх нацыянальных страў, пабывалі ў музеі. У Зэльве цікавыя Траецкая царква 19 стагоддзя і касцёл Святой Тройцы пачатку 20 стагоддзя. Здалёку бачны мемарыял воінам Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, у Зэльве жыла вядомая беларуская паэтка Ларыса Геніюш, тут яна напісала сваю знакамітую «Споведзь».
Цэнтр беларускай культуры дзякуе за запрашэнне і сардэчны прыём першага намесніка старшыні Зэльвенскага райвыканкама Яўгена Грэцкага; начальніка Аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама Галіну Раманчук, галоўнага спецыяліста аддзела Марыну Земба, а таксама Генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзіміра Васільевіча Клімава за візавую падтрымку.
Информация подготовлена:
Центр белорусской культуры,
Жанна Романовская, руководитель ЦБК,
т. 654 24695, 20374840, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
LV-5410, Латвия, г.Даугавпилс, ул.Смилшу, 92,
Дворец культуры, ЦБК - 3 этаж, каб. 305-306