“Волшебный мир из ниток”- пад такой назвай 20 сакавіка,у 15.00, у Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшоў перфоманс Надзеі Свірковіч, на якім былі прадстаўлены вырабы ручной працы з нітак: сурвэткі, лялькі, адзенне, вышытыя карціны.
https://bkc.daugavpils.lv/be/foto/40-210316#sigProIdfe46175988
Надзея Свірковіч – прыклад інтэграцыі ў латвійскае грамадства. Нарадзілася ў Беларусі. Калі ёй было чатыры гады, сям’я пераехала ў Латвію, але кожнае лета ды канікулы яна гасцявала ў родных на Гродзеншчыне, убіраючы ў сябе звычаі, культуру і самые лепшыя чалавечыя якасці, якія характэрны для беларусаў: лагоднасць, працавітасць, сціпласць, гасціннасць. Цяпер яна спявае ў ансамблі народнай песні “Купалінка” і ансамблі сеньёраў “Спадчына” пры ЦБК, з’яўляецца актывным членам беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.
Н.Свірковіч здала экзамены на натуралізацыю і, атрымаўшы Латвійскае грамадзянства, пайшла працаваць пагранічнікам-кінолагам. Зараз Надзея ужо на пенсіі, выхоўвае ўнукаў, а ўвесь свой свабодны час прысвячае любімаму занятку - рукадзеллю. На выставе была прадстаўлена такая багатая калекцыя яе работ, што проста вочы разбягаліся: вышытыя крыжыкам карціны, звязаныя кручком ажурныя сурвэткі, адзенне, лялькі самай рознай велічыні: ад велікоднага яйка да беларускага дзеда Казіміра на ўвесь рост.
Вядучая мерапрыемства метадыст ЦБК Марыя Памецька павіншавала ўсіх з Вербніцай, расказала пра гісторыю лялек ручной работы і правяла інтэрв’ю з гераіняй урачыстасці, падчас якога шматлікія госці шмат даведаліся аб самой Надзеі і яе захапленні.
А потым было дэфіле мадэляў адзення. Сукенкі, касцюмы, кофтачкі, капялюшыкі, сумачкі, шалі і понча пад музыку элегантна дэманстравалі Жана Раманоўская, Вэлта Лоцэ, Ірына Лютая. Музычныя паузы (дуэт Валерыя Кацегава і Вэлты Лоцэ) чаргаваліся з выступленнем паэта Паўла Плотнікава, тэатральным прадстаўленнем лялек: коніка Кузі (Інта Іванова), малпы Эммы (Інна Валюшка), казла Філімона і дзеда Казіміра (Галіна Сантоцкая).
Дарэчы, дзеда Казіміра, якога Надзея вязала доўгімі зімнімі вечарамі, яна падаравала Цэнтру беларускай культуры. У адказ кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская, якая і матывавала Н.Свірковіч да першай персанальнай выставы, павіншавала Надзею з выдатнай выставай і ўручыла прыгожы букет кветак з пажаданнямі далейшых творчых поспехаў і выхаду на шырокую аўдыторыю знатакоў рукатворных вырабаў.
Было вельмі шмат віншаванняў і кветак для галоўнай гераіні ўрачыстасці. Захапленне яе талентам і шмат добрых слоў выказалі старшыня культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Людміла Сінякова і яе намеснік Вольга Паўловіч, ансамбль сеньёраў “Спадчына”, пачэсны госць вечара Валянціна Абушкевіч, а таксама сябры, сваякі і знаёмыя.
Калі чалавек таленавіты, то ён таленавіты ва ўсім. Што з поспехам даказала Надзея Свірковіч, кранальна і прыгожа праспяваўшы дуэтам з В.Лоцэ песню “Вішнёвы сад” у заключэнні гэтага цудоўнага мерапрыемства, прайшоўшага на высокім узроўні.
Выстава “Волшебный мир из ниток” будзе працаваць з 20 сакавіка па 5 красавіка 2016 года ў ЦБК (г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92, Палац культуры, 3 паверх, 305 каб.).
Прыходзьце і акунайцеся ў чароўны свет пацешных і арыгінальных лялек, звязаных кручком таленавітай майстрыхай!