8 красавіка 2016 года ў Даугаўпілсскім краязнаўчым і мастацкім музеі адбылося адкрыццё выставы «Честь имею», на якой былі прадстаўлены работы Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар».
Арганізатарам выставы беларускіх мастакоў выступіў Даўгаўпілскі краязнаўчы і мастацкі музей.
https://bkc.daugavpils.lv/be/foto/28-110416#sigProId684abcee87
Аб’яднанне беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» заснавана 12 снежня 1991 года мастакамі із Латвіі, Літвы, Эстоніі і Санкт-Пецярбурга. Усіх іх аб'ядноўвае любоў да беларускай культуры і мастацтва. 2016 год для аб'яднання праходзіць пад знакам 25-гадовага юбілею, і выстава ў Даўгаўпілсе адкрыла праграму юбілейных мерапрыемстваў.
На выставе прадстаўлены скульптуры і карціны 16 мастакоў: Вячаслава Целеша, Вольгі Кажамякі, Васіля Малышчыца, Галіны Жалабоўскай, Пятра Худабчонка, Вячаслава Лаўрыновіча, Тамары Насенка, Надзеі Ізянёвай, Алега Аблажэя, Яна Кузміцкага, Ганны Пэйпіні, Аліны Літвіненка, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай, Алены Ціхаміравай, Леаніда Маствіліжскага, Алены Раманенка. Работы выкананы в розных стылях і тэхніцы: жывапіс, акварэль, скульптуры і фотакарціны.
Старшыня Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» – Вячаслаў Міхайлавіч Целеш, ураджэнец Гродзенскай вобласці. Член Саюза мастакоў Латвіі, аўтар кнігі "Гарады Беларусі на старых паштоўках", першы дырэктар беларускай школы ў Рызе, намеснік старшыні латвійскага таварыства беларускай культуры "Світанак", кіраўнік беларускай дзіцячай мастацкай студыі "Вясёлка". Творы мастака знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях 13-ці краін свету. В.Целеш з'яўляецца лаўрэатам преміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра і ўзнагароджаны ордэнам Трох Зорак – вышэйшай узнагародай Латвіі.
На адкрыцці гучалі словы віншаванняў і ўдзячнасці ад віцэ-мэра Даўгаўпілскай гарадской думы Яніса Дукшынскіса, Генеральнага консула Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзіміра Клімава, спецыялісткі Кіравання культуры Інары Барышнікавай. Дыректар музея Рута Гіптэрэ адзначыла вялікую важнасць гэтай падзеі для Даўгаўпілса ў мастацкім і інтэграцыйным сэнсе і ўручыла падзячную грамату В.Клімаву за садзейнічанне і дапамогу ў арганізацыі выставы. З цёплымі прывітальнымі словамі і пажаданнямі далейшых творчых поспехаў выступілі дырэктар Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская і намеснік культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Вольга Паўловіч, якія таксама ўнеслі свой пасільны ўклад у арганізацыю дадзенай выставы.
А член Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Станіслаў Валодзька прывітаў мастакоў сваім вершам:
Вітаю поціскам рукі
Вас беларусы-мастакі!
Вы талент маеце такі
І гонар маеце такі:
Да родных гоняў нацянькі,
Да дзён мінулых напрамкі,
Да нашых сэрцаў напрасткі
Пракладваць сцежкі і масткі.
Музычным фонам мерапрыемства стала выступленне вакальна-інструментальнага ансамбля “Пралескі” Цэнтра беларускай культуры і ансамбля “Ластаўкі” беларускага таварыства “Уздым”.
Пасля выступлення шматлікіх гасцей і непасрэдных зносін у выставачнай зале героі ўрачыстасці наведалі Арт-цэнтр Марка Ротка, дзе іх чакала экскурсія па знакамітым музеі і сустрэча з кіраўніцтвам установы, прагулка па крэпасці. Госці наведалі Царкоўную горку – месца, дзе суседнічаюць храмы чатырох канфесій, а таксама сфатаграфаваліся каля памятнай дошкі на будынку быўшай Даўгаўпілскай беларускай дзяржаўнай гімназіі.
Завяршальным момантам багатага і плённага на падзеі дня для Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» стала наведванне Цэнтра беларускай культуры, дзе за кубкам кавы госці пазнаёміліся з актыўным творчым жыццём беларусаў регіёна і дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве.
Выстава Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» у Даўгаўпілскім музеі будзе працаваць да 5 мая 2016 года.