27 сакавіка 2023 года тэатральная студыя «Паўлінка» Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) адзначыла свой 15-гадовы юбілей бліскучым тэатральным прадстаўленнем, прымеркаваным да Сусветнага дня тэатра.
Ля вытокаў стварэння тэатральнай студыі стаяла вядомая актрыса, педагог і рэжысёр Даўгаўпілскага тэатра Вера Храмнікава, якая паставіла першы спектакль паводле п'есы Я. Купалы “Паўлінка” (адсюль і назва калектыву).
У рэпертуары аматарскага тэатральнага калектыву “Паўлінка” (рэжысёр Інэса Казлоўская) – пастаноўкі на беларускай мове вядомых п'ес: “Паўлінка” Янкі Купалы, “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота, “Збянтэжаны Саўка” Леапольда Радзевіча, “Чорт і баба” Францішка Аляхновіча, “У калядны вечар” Валянціны Казлоўскай. Тэатральная студыя з'яўляецца аўтарам сцэнарыяў і пастановак вядомых народных святаў і абрадаў: “Беларускае Купалле”, “Багач”, “Дзяды”, “Каляды” і інш., сямейна-бытавых гумарыстычных сцэнак; іх п'есы служаць асноўным сувязным звяном гала-канцэрта на Міжнародным фестывалі народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
Да свайго юбілею тэатральная студыя падрыхтавала ўрывак з вядомай музычнай камедыі Я. Купалы “Паўлінка”. Як і 15 гадоў таму, на сцэне бліскуча ігралі знаёмыя многім са школьных гадоў персанажы любімай пастаноўкі (праўда, амаль усе выканаўцы роляў ужо іншыя).
Гарэзлівая маладая Паўлінка (Інэса Казлоўская), якая пастаянна падсмейваецца над ганарыстым самаўлюбёным жаніхом Адольфам Быкоўскім (Яўген Германовіч), сталая разважлівая гаспадыня Альжбета (Галіна Сантоцкая) з прастакаватым гаспадаром Сцяпанам (Яўген Васюкевіч) – іскрамётная ігра літаральна ўсіх самадзейных артыстаў выклікала ў гледачоў буру захаплення, смеху і апладысментаў.
Вядома ж, артысты не засталіся без узнагарод і ўвагі. Падзякі і граматы, кветкі і памятныя сувеніры тэатральнай студыі і яе рэжысёру Інэсе Казлоўскай уручылі першы віцэ-мэр Даўгаўпілскай гарадской думы Аляксей Васільеў, кіраўніца Цэнтра рускай культуры і дэпутат Даўгаўпілскай думы Наталля Кажанава, консул РБ у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская. Сваю долю апладысментаў і падзякі атрымала былая кіраўніца тэатральнай студыі Галіна Сантоцкая, якая прысвяціла любімаму захапленню шмат гадоў.
У пастаноўцы самы непасрэдны ўдзел прынялі калектывы ЦБК: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (маст. кір. Вячаслаў Пятроў), танцавальны ансамбль “Лянок” (маст. кір. Марына Медунецкая), вакальны ансамбль “Пралескі” (маст. кір. Анастасія Лукашэнак), харавая капэла “Спадчына” (маст. кір. Сяргей Братусеў). Песнямі і танцамі, лагічна ўплеценымі ў канву паказу, удзельнікі творчых калектываў павіншавалі сваіх сяброў з тэатральнай студыі.
“Паўлінка” з'яўляецца ўдзельнікам і прызёрам многіх вядомых фестываляў народнай культуры. Сёлета прымала ўдзел у адборачным аглядзе мастацкіх калектываў на Уселатвійскае свята песні і танца, годна прайшла выпрабаванне, атрымаўшы вышэйшую ступень, і летам будзе прадстаўляць беларускую народную культуру на прэстыжнай культурнай алімпіядзе краіны, ужо чацвёрты раз.
Віншуем!
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/607-amatierteatra-studija-paulinka-atz-meja-15-gadu-jubileju-2#sigProId87b4bc2d0f
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры