Даследчы праект Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) “Суквецце культур”, закліканы прадэманстраваць нацыянальна-культурную разнастайнасць Даўгаўпілса, прадоўжыўся 10 лютага 2023 года. На сустрэчу, тэмай якой стала мастацтва, былі запрошаны Яўрэйская, Нямецкая і Татарская абшчыны.
Мерапрыемства адкрылася лірычнымі песнямі ў выкананні харавой капэлы “Спадчына” (кіраўнік Сяргей Братусеў).
Тэма і фармат сустрэч “Суквецце культур” кожны раз зменьваецца. У студзені, у стасунках з прадстаўнікамі Латышскага і Літоўскага таварыстваў, дзяліліся традыцыямі Каляд (Рождества). А на лютаўскім мерапрыемстве шукалі кропкі судакранання ў мастацтве. Нядаўна споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння французскага мастака яўрэйскага паходжання з беларускімі каранямі Хаіма Суціна. Хтосьці адкрыў для сябе новае імя, а хтосьці запазычыў шмат новай інфармацыі з пазнавальнага даклада Іосіфа Рочкі, кіраўніка музея “Яўрэі ў Даўгаўпілсе і Латгаліі”.
Мастак-экспрэсіяніст сусветнага ўзроўню Хаім Суцін (1893-1943) нарадзіўся ў шматдзетнай беднай сям'і яўрэйскага краўца ў беларускім мястэчку Смілавічы. Рэлігійныя бацькі вельмі негатыўна ўспрымалі захапленне сына жывапісам, таму апантаны маляваннем юнак у 14 гадоў збег у Мінск, дзе наведваў малявальную школу. Потым вучыўся ў Вільні, а ў 20 гадоў Хаім пераехаў у Францыю, там і вучыўся жывапісу ў Парыжскай Акадэміі выяўленчых мастацтваў. Лёс геніяльнага мастака быў цяжкім і трагічным. Хаім Суцін пры жыцці стаў вядомым і запатрабаваным, яго карціны выстаўляліся за мяжой, іх набывалі калекцыянеры. Ён пражыў яркае, але кароткае жыццё. Памёр у Парыжы пасля няўдалай хірургічнай аперацыі.
Іосіф Рочка падзяліўся сваімі асабістымі ўражаннямі пасля наведвання Смілавіч, дзе ў 2008 годзе адкрыты музей “Прастора Хаіма Суціна” ("L'Espace de Soutine"). І хоць у музеі няма арыгіналаў мастака, але ёсць шмат цікавай інфармацыі пра яго і іншых удзельнікаў Парыжскай школы з Беларусі. На радзіме мастака ёсць тры карціны, набытыя банкам на аўкцыёнах. Цяпер карціны Х. Суціна прадаюцца за неймаверна высокія цэны і прадстаўлены ў знакамітых музеях свету.
Вечарына працягнулася знаёмствам з беларускай культурай. Разам з танцавальным ансамблем “Лянок” (кіраўніца Марына Медунецкая) госці з захапленнем развучвалі беларускі танец “Падыспань”.
Неад'емная частка кожнай культуры – яе нацыянальная кухня. Пад дранікі госці захоплена расказвалі пра свае традыцыі, успаміналі “дакавідныя” агульныя фестывалі і мерапрыемствы.
Напрыканцы мерапрыемства кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская нагадала аб важнасці сумесных сустрэч нацыянальных культур і кожнаму госцю ўручыла беларускі сувенір – ляльку-абярэг, прыклад дэкаратыўна-прыкладной творчасці беларусаў, зроблены рукамі супрацоўнікаў ЦБК.
Сустрэчы нацыянальных культур прадоўжацца ў сакавіку святам зазывання вясны, а ў маі, да Сусветнага дня культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця, у Доме Адзінства адбудзецца сумесны канцэрт.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/596-baltkrievu-projekts-kulturu-ziedesana-turpinajas-ar-dialogu-par-makslu#sigProId58e73b66ab
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры