3 лютага 2023 года ў Цэнтры нацыянальных культур г. Клайпеды (Літва) адкрылася фотавыстава Эдуарда Літвіноўскага “Беларускі позірк Даўгаўпілса”. У рамках адкрыцця прайшоў сумесны канцэрт і было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) і Клайпедскай беларускай абшчыны “Крыніца”.
Клайпеда – трэці па велічыні горад Літвы, размешчаны ля Балтыйскага мора, адзіны порт краіны. Нацыянальныя культуры ў ім прадстаўлены 16-цю абшчынамі, у тым ліку беларускай.
З беларускай суполкай “Крыніца” Цэнтр беларускай культуры Даўгаўпілса звязвае шматгадовае супрацоўніцтва. Ужо ёсць станоўчы вопыт сумеснага ўдзелу і арганізацыі вулічнага свята Купалле ў Клайпедзе і міжнароднага фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. На гэты раз фарматам сумеснай творчасці сталі аўтарская фотавыстава і канцэрт у Цэнтры нацыянальных культур г. Клайпеды. Гэта ўтульная хатка ў глыбіні старадаўняга парка, стыльная зала якога служыць сцэнічнай пляцоўкай.
Мерапрыемствы адкрылі старшыня Клайпедскай беларускай абшчынай “Крыніца” Мікалай Логвін, прадстаўніца Цэнтра нацыянальных культур Таццяна Конанава і кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская. У сваіх выступленнях яны адзначылі важнасць міжкультурнага дыялогу, захаванне этнічнай ідэнтычнасці і народных традыцый. У сваю чаргу, фотамастак Эдуард Літвіноўскі расказаў пра ідэю сваёй персанальнай фотавыставы: прадставіць беларусаў Даўгаўпілса – рознага ўзросту, у нацыянальных касцюмах, ва ўсе поры года, на фоне прыгожых краявідаў Даўгаўпілса і яго наваколля. Выстава стала перасовачнай і ўжо пабывала ў гарадах Латвіі і Беларусі. Новы год прынёс новае месца экспазіцыі – Літву.
Вечарыну прадоўжыў сумесны канцэрт вакальнага ансамбля ЦБК “Пралескі” (кіраўніца Настасся Лукашэнак) і клайпедскага ансамбля “Купалінка” (кіраўніца Валянціна Снігур). Лірычныя і вясёлыя беларускія песні і танцы выклікалі непадробленую цікавасць гледачоў, якія падтрымалі артыстаў шчодрымі апладысментамі. Перапоўненая зала, аншлаг, падзяка гледачоў, увага мас-медыя – самая высокая ўзнагарода для самадзейных артыстаў.
У фінале адбылося падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж ЦБК і беларускай абшчынай “Крыніца”.
На другі дзень, у сонечную, марозную суботу, беларусы Клайпеды правялі экскурсію для беларусаў Даўгаўпілса. Колькі павагі і гонару за свой горад адчувалася ў іх аповядах! Паглядзелі асноўныя турыстычныя аб'екты, палюбаваліся бушуючым морам і нават паспрабавалі шукаць янтар у прыбярэжным пяску. Абавязковы прыпынак – офіс беларускага таварыства “Крыніца”, размешчаны ў цэнтры горада. Гэты беларускі куточак на літоўскай зямлі стаў другой роднай хатай для мясцовай беларускай дыяспары.
Культура і мастацтва – гэта заўсёды нагода для сяброўскіх сустрэч і сумесных мерапрыемстваў, цікавых ідэй і новых песень, а таксама магчымасць падзяліцца вопытам і прарэкламаваць міжкультурную разнастайнасць горада Даўгаўпілса за мяжой.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/595-daugavpils-baltkrievu-fotoizstade-nonakusi-klaipeda#sigProIdfced7e6a8d
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры