16 лістапада 2022 года ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання адбыўся святочны канцэрт “Прысвячэнне Латвіі”, прымеркаваны да Дня абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі.
Урачыстае мерапрыемства ў гонар знамянальнай падзеі па традыцыі пачалося з выканання Дзяржаўнага гімна.
Адкрываючы вечарыну, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская павіншавала ўдзельнікаў і гасцей канцэрта са 104-й гадавінай абвяшчэння ЛР і зачытала два афіцыйныя віншаванні. “Я жадаю кожнаму знайсці сваё напаўненне на агульным шляху нашай Латвіі. Няхай вечна горда лунае сцяг Латвіі!”, - гаворыцца ў віншаванні прэзідэнта Латвіі Эгілса Левітса, дасланым Цэнтру беларускай культуры.
“Сёння мы павінны памятаць, што кожны з нас з'яўляецца часткай вялікага сямейства Латвіі. Толькі знаходзячыся побач адзін з адным, мы зможам захаваць сваю краіну, сваю свабоду і свае каштоўнасці”, - адзначыў у сваім віншаванні старшыня Даўгаўпілскай гарадской думы Андрэйс Элксніньш.
Музычныя падарункі падрыхтавалі ўсе творчыя калектывы ЦБК. У выкананні ансамбля беларускай народнай песні “Купалінка”, харавой капэлы “Спадчына”, вакальнага ансамбля “Пралескі” і дзіцячай студыі “Скарбніца” прагучалі патрыятычныя і лірычныя песні на латышскай, латгальскай і беларускай мовах. А танцавальны ансамбль “Лянок” выступіў з прэм'ерным латышскім народным танцам “Mugurdancis” і лірычным беларускім карагодам.
Святочны канцэрт завяршыўся сумесным выкананнем песні “Тут ёсць Латвія”. Кожны калектыў выконваў па адным куплеце, перадаючы эстафету наступнаму, а прыпеў і фінал спявалі разам артысты і гледачы.
Яднанне ў песні адчуў кожны ўдзельнік святочнага вечара, прысвечанага галоўнаму дзяржаўнаму святу – Дню абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/586-notika-svetku-koncerts-velt-jums-latvijai#sigProIde9246c8fb8
Інфармацыя падрыхтавана:
Дагнія Літвіноўская,
кіраўніца культурных праектаў Цэнтра беларускай культуры