У пятніцу, 1 ліпеня 2022 года, у парку Дубровіна прайшло традыцыйнае свята “Беларускае Купалле”, арганізаванае Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК) Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання. На гэты раз мерапрыемства праводзілася ў фармаце “вясковага праменаду”.
Дзень летняга сонцастаяння – адно з самых старажытных і найважнейшых святаў у “каляндарным коле” у многіх народаў свету: у латышоў – усенародна любімае свята Ліга, у літоўцаў – Йонінес, у славян – Купалле... У гэтыя дні прырода дасягае свайго найвышэйшага росквіту, і людзі нездарма надзялілі гэты час чароўнымі ўласцівасцямі.
Купалле – самае любімае беларусамі летняе свята, якое адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Гэты магічны час яднання з прыродай, час, калі пачынаеш верыць у цуды. І гэтыя самыя цуды адбываюцца!
Пагодлівым летнім вечарам здарыліся яны і ў парку Дубровіна. Пад шатамі векавых дубоў, у густой лістоце якіх блукалі яркія сонечныя промні, пад зачаравальны шум фантана і прайшло традыцыйнае гулянне “Беларускае Купалле”. Акунуцца ў чараўніцтва і магію старажытнага свята прыйшло вельмі шмат гараджан і гасцей Даўгаўпілса, чаму спрыяла па-сапраўднаму летняе надвор'е.
Сплесці вянкі і букецікі, зрабіць уласнымі рукамі купальскую ляльку, драўляны абярэг або аплікацыю-выцінанку з папараць-кветкай і сонейкам, пакаштаваць чароўнага купальскага напою, настоенага на травах і мёдзе, пераскочыць праз ачышчальны “касцёр”, павадзіць карагоды, сфатаграфавацца ў вянку і пакінуць неабсяжнаму дубу запіску з самым патаемным жаданнем – для ўсіх гледачоў кожная хвіліна непаўторнага свята спалучалася з актыўнасцю і прыўзнятым настроем.
Чароўную атмасферу свята стваралі творчыя калектывы ЦБК: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальны ансамбль “Лянок”, вакальны ансамбль “Пралескі”, харавая капэла “Спадчына”, тэатральная студыя “Паўлінка”, дзіцячая студыя “Скарбніца”.
Канцэртная праграма “Беларускае Купалле”, якая склалася з купальскіх песень, карагодных і запальных танцаў, тэатральных гумарыстычных замалёвак, стала прывабным фальклорным акцэнтам для даўгаўпілчан і гасцей горада падчас вячэрняй прагулкі па парку Дубровіна.
Фармат яркага музычнага вясковага свята на ўлонні прыроды, з танцамі на траве, з песнямі без мікрафонаў пад акардэон, “жывыя” зносіны і актыўны ўдзел у разнастайных майстар-класах даставілі шмат пазітыўных эмоцый і гледачам, і артыстам.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/561-lauku-promenade-nor-beja-baltkrievu-kupalle#sigProIdcef4bebd76
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры