23 мая 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) завяршылася серыя даследчай акцыі “Артэфакты маёй сям'і”, на якую арганізатараў натхніў артыкул этнографа, фалькларыста, акадэміка Яніны Курсітэ-Пакуле. Мерапрыемства прайшло ў рамках Дзён беларускай культуры, тэмай даследавання якога стала сакральная спадчына.
Акцыя “Артэфакты маёй сям'і”, закліканая вывучаць этнічную і нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў, стартавала ў студзені з вывучэння прадметаў хатняга ўжытку, якія прывезлі ў Даўгаўпілс з Беларусі іх уладальнікі ці наследнікі. Кожны месяц тэма вывучэння мянялася: тэкстыль; фотаздымкі, дакументы, кнігі; с/гаспадарчыя і хатнія прадметы працы.
“У дамах і кватэрах беларусаў у Даўгаўпілсе можна сустрэць шмат этнічных рэчаў, не толькі практычных і неабходных для жыцця, але і прадметаў з сімвалічным напаўненнем. Сярод такіх, несумненна, сакральныя духоўныя артэфакты, без якіх немагчыма ўявіць жыццё чалавека: абразы, малітоўнікі, крыжыкі і г.д.”, – адзначыла кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, суправадзіўшы сваё выступленне аповедам аб сямейнай рэліквіі – каталіцкім настольным крыжы, якім бацькі мужа благаславілі маладую сям'ю пасля шлюбу.
У беларускіх вернікаў не прынята выносіць абразы з дому. Таму некаторыя беларусы прынеслі іх фотаздымкі і расказвалі свае патаемныя гісторыі. Многія карыстаюцца бацькоўскімі іконамі і малітоўнікамі, іншыя самі куплялі іконы ў цэрквах і манастырах Беларусі.
Шмат цікавых гісторый пра свае сямейныя рэліквіі распавялі ўдзельнікі вечарыны – Вера Сухарава, Станіслаў Валодзька, Настасся Лукашэнак, Лілія Воранава, Таццяна Дзянісава, Алена Іванова, Іна Валюшка, Марыя Памецька, Галіна Сантоцкая. За кожным экспанатам, які прывезены з бацькоўскай хаты і беражліва захоўваецца нашчадкамі – непаўторная, унікальная і займальная сямейная гісторыя. Напрыклад, сучасны мініяцюрны абразок Інэса Казлоўская прывезла з Іерусаліма і вельмі шануе яго. Калісьці, будучы на Святой зямлі, яна папрасіла аб сыне, і цуд здзейсніўся.
Больш за ўсё экспанатаў прапанаваў да знаёмства краязнаўца-даследчык Мікалай Паўловіч. Спачатку расказаў пра старажытныя сямейныя рэліквіі. Далей дэманстрацыя пацёртых малітоўнікаў разнастайных памераў, выдадзеных на розных мовах (у тым ліку і латгальскай) і рэлігійнай літаратуры сярэдзіны 19-га стагоддзя, старажытных ікон, крыжоў і нават невялікай статуі Буды суправаджаліся вельмі цікавымі апавяданнямі аб абставінах іх знаходкі, гісторыі паходжання.
Па традыцыі кожнае мерапрыемства даследчай акцыі суправаджалася музычнымі нумарамі. На заключным этапе прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў стала прэм'ернае выкананне песні “Спадчына” на словы Янкі Купалы. Харавая капэла “Спадчына” спецыяльна развучыла песню да 140-годдзя песняра беларускай літаратуры Я. Купалы, які сёлета адзначаецца.
Даследчы цыкл “Артэфакты маёй сям'і” завершаны. Але наперадзе новыя ідэі і планы па захаванні і папулярызацыі роднай культуры, традыцый і абрадаў.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/556-akcija-manas-gimenes-artefakti-nosledzas-ar-spadcinu#sigProIdd0ab995d41
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры