4-5 чэрвеня 2022 года ў г. Браслаў (Беларусь) прайшло 55-е Міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, у якім прыняў удзел вакальны ансамбль “Пралескі” Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання.
У гэтым годзе найстарэйшы фестываль Беларусі адзначыў юбілей – 55 гадоў. Адначасова ў рамках свята “Браслаўскія зарніцы” адсвяткаваў 10-годдзе Адкрыты конкурс “Браслаўская харавая асамблея”.
Менавіта з выступлення хораў пачаўся першы фестывальны дзень, у суботу, 4 чэрвеня. Потым на цэнтральнай плошчы адбыўся тэатралізаваны паказ. З цэнтра горада госці і ўдзельнікі “Браслаўскіх зарніц” святочнай калонай прайшлі ў лесапарк “Леснічоўка”. У маляўнічым месцы нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры” разгарнуліся галоўныя фестывальныя дзеянні: шумеў кірмаш, працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі і атракцыёны, на вялікай сцэне выступалі артысты.
Канцэрт прывітання адкрыўся з агульнай харавой песні, віншавальных прамоў, ушанавання заснавальнікаў фестывалю, узнагароджання пераможцаў конкурсу хораў. А потым на сцэне, змяняючы адзін аднаго, выступалі ўдзельнікі юбілейнага свята. Ансамбль “Пралескі” з Даўгаўпілса не раз спяваў на “Браслаўскіх зарніцах”. На гэты раз калектыў прадставіў дзве сімвалічныя песні – “Nekur nav tik labi kā mājās” (словы – Гунтарс Рачс, музыка – Райманд Паўлс, пераклад на беларускую мову – Станіслаў Валодзька) і “Беларусы свету” (словы – Станіслаў Валодзька, музыка – Альберт Бялусь).
Творчае супрацоўніцтва даўгаўпілскага паэта і браслаўскага кампазітара працягнулася ў песні, прысвечанай 55-годдзю фестывалю “Браслаўскія зарніцы”. Яе прэм'ера прагучала фінальнай песняй канцэрта ў выкананні зводнага хору.
Фестываль “Браслаўскія зарніцы” працягнуўся канцэртам інструментальнай музыкі “Баян/батл/фэст”, святам сярэдневяковай культуры “Меч Брачыслава”, выступленнем легендарнага ансамбля “Песняры” і другім днём, галоўнымі акцэнтамі якога сталі танцавальны конкурс, выстава сакральнага тэкстылю і гала-канцэрт.
У Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання і Аддзела культуры Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве. Больш за 20 гадоў плённа ажыццяўляюцца розныя культурныя мерапрыемствы і абмен вопытам, спрыяючы ўмацаванню міжкультурнага дыялогу і захаванню беларусамі замежжа сваёй этнічнай ідэнтычнасці.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/552-ansamblis-praleski-apsveica-jubileja-baltkrievijas-vecako-festivalu#sigProIddd8c8bf18b
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
кіраўніца Цэнтра беларускай культуры