28 мая 2022 года ў канцэртнай зале Дома Адзінства з аншлагам прайшоў юбілейны канцэрт ансамбля беларускай народнай песні “Купалінка”, якім завяршыліся Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, арганізаваныя Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК).
Майскія Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе традыцыйна знаёмяць гараджан і гасцей горада з беларускімі традыцыямі і звычаямі, з багатай культурнай спадчынай беларусаў.
“Мы жывем у цудоўным шматнацыянальным Даўгаўпілсе ва ўмовах бесперапыннага міжкультурнага дыялогу. У кантэксце этнарэгіянальнага памежжа ў нас склалася ўнікальнае інфармацыйна-каштоўнаснае асяроддзе. І на такой паліфанічнай пляцоўцы яскравым агеньчыкам ззяе беларуская дыяспара”, - адзначыла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, адкрываючы заключны канцэрт Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе, у рамках якіх з 21-га па 28-га мая прайшло шмат змястоўных мерапрыемстваў.
Добрыя словы віншаванняў і падзяка за захаванне і падтрымку беларускай культуры прагучалі ад прадстаўніка Упраўлення культуры Вікторыі Цырсе, якая ўручыла грамату самакіравання вопытнай удзельніцы ансамбля “Купалінка”, ветэрану культуры Галіне Сантоцкай.
Аб'яднаўчую ролю культуры ў супрацоўніцтве народаў падкрэсліла консул Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава. Дыпламат уручыла ганаровую грамату Беларусі ансамблю “Купалінка” і яе мастацкаму кіраўніку Вячаславу Пятрову.
Адзін са старэйшых аматарскіх калектываў беларусаў замежжа “Купалінка” з'яўляецца візітнай карткай Цэнтра беларускай культуры і Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. Ансамбль, адзначаны шматлікімі граматамі і дыпломамі, вось ужо на працягу 30 гадоў папулярызуе беларускую народную песню ў Латвіі.
У дзень юбілею ўдзельнікі самадзейнага калектыву ў прыгожых нацыянальных касцюмах, у прыўзнятым святочным настроі прайшліся па вуліцы Рыгас да Дома Адзінства. Ансамбль “Купалінка” падрыхтаваў багатую канцэртную праграму лірычных, жартоўных і гульнявых песень, як добра вядомых, так і прэм'ерных.
Па традыцыі, беларусаў павіншавалі партнёры: кіраўніца праектаў Цэнтра рускай культуры Галіна Іванова, кіраўніца Цэнтра польскай культуры Жанна Станкевіч, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава. Музычным сяброўскім падарункам сталі выступленні рускага фальклорнага ансамбля “Славянка” і польскага вакальнага дуэта “Даўгавас барвы”.
Юбіляраў ад душы павіншавалі ўсе творчыя калектывы ЦБК: танцавальны ансамбль “Лянок”, харавая капэла “Спадчына”, вакальны ансамбль “Пралескі”, дзіцячая студыя “Скарбніца” і тэатральная студыя “Паўлінка”, паэты Станіслаў Валодзька і Лілія Воранава. Асобных віншаванняў ганараваўся шматгадовы кіраўнік “Купалінкі” В. Пятроў.
Калейдаскоп з песень, танцаў, гумарыстычных замалёвак цешыў гледачоў амаль дзве гадзіны, а артыстаў – іх усмешкі, апладысменты, кветкі і падарункі.
Цэнтр беларускай культуры выказвае падзяку за супрацоўніцтва і падтрымку Упраўленню культуры, Дому Адзінства, Генеральнаму консульству Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе, Беларускаму таварыству “Уздым”, радыё “Alise+”, газеце “Миллион”, інтэрнэт-парталам г. Даўгаўпілса.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/550-baltkrievu-tautas-dziesmu-ansamblis-kupalinka-nosvineja-30-gadu-jubileju#sigProIda4b0f8b9ab
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька, метадыст Цэнтра беларускай культуры
Foto: Эдуард Літвіноўскі