З 18 па 23 ліпеня 2016 года ў г.Глыбокае Віцебскай вобласці (Беларусь), які заўсёды славіўся сваімі вішнёвымі садамі, адбыўся чацвёрты «Вішнёвы фестываль». Самабытны рэгіянальны фестываль сваёй прысутнасцю ўшанаваў міністр культуры РБ Барыс Святлоў. Па запрашэнню Глыбокскага раённага выканаўчага камітэту ў «Вішнёвым фестывалі» прыняў удзел ансамбль народнай песні «Купалінка» даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, а паміж установамі Даўгаўпілса і Глыбокага было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы культуры.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/54-260716#sigProId46d5da8c56
2016 год у Беларусі аб'яўлены Годам культуры. З улікам дадзенага арыентыру была спланавана і дзейнасць даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры як унікальнай установы ў Прыбалтыцы, папулярызуючай беларускую культуру – праз моцныя сувязі з установамі культуры Беларусі, удзел у беларускіх фестывалях і святах, абмен вопытам.
Толькі за апошні месяц калектывы даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры з вялікім поспехам выступілі на свяце «Купалле» у Полацку, на XXV Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», на традыцыйным фестывалі «Перабродская зорка» у Міёрскім раёне, на «Вішнёвым фестывалі» у Глыбокім; заключаны два пагадненні аб супрацоўніцтве паміж аддзеламі культуры двух самакіраванняў у Беларусі; падчас «Вішнёвага фестывалю» начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбокскага раённага выканаўчага камітэту Таццяна Тарасевіч і кіраўніца даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская ўрачыста, у прысутнасці работнікаў устаноў культуры Глыбокскага раёну, падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, у Год культуры ў Беларусі замацаваўшы дамоўленасці і планы.
У г.Глыбокое растуць дзіўныя пладаносныя памешчыцкія і манастырскія вішнёвыя сады. Менавіта тут садавод і вядомы селекцыянер Баляслаў Лапыр вывеў новыя сарты вішняў, стойкіх да беларускіх зімаў, з буйнымі, сакавітымі, неверагодна смачнымі і салодкімі ягадамі, якія мясцовыя жыхары празвалі «Лапыравы». З яго садоў вішня ступіла адразу ў тутэйшыя сялянскія сядзібы, а затым распаўсюдзілася па ўсім рэгіёне.
«Вішнёвы фестываль» прызваны вярнуць Глыбокаму славу горада-сада, і гэта задача паспяхова ажыццяўляецца. Маштаб і размах фестывальнай праграмы здзіўляе. Кожны дзень мае сваю тэматыку і накіраванасць. 18 ліпеня - Дзень грамадскіх аб’яднанняў «Вішнёвая энэргія»; 19 ліпеня - Дзень спорту «Алімпійская вішня»; 20 ліпеня - Дзень моладзі «Вішнёвая феерыя»; 21 ліпеня - тэматычная праграма «Паэтычны вішнёвы дворык»; 22 ліпеня - тэматычная праграма «Этна-вішня»; 23 ліпеня - праграма «Вішнёвы край» і закрыццё фестывалю.
Ансамбль «Купалінка» з яркай канцэртнай праграмай прымаў удзел у заключным дні фестывалю, які быў насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі. Гэта і святочнае шэсце «У гасцях у вішні» на чале з Вішнёвай каралевай, адкрыццё скульптуры «Сям'я» на Цэнтральнай плошчы, якое прайшло з удзелам міністра культуры Беларусі Барыса Святлова, канцэрт жывой музыкі, урачыстая рэгістрацыя вяселля «Вішнёвае вяселле», канцэрт замежных гасцей «Вянок дружбы», выстава жывапісу, выстава-дэгустацыя кулінарных вырабаў, прэзентацыя калекцыі льнянога адзення, майстар-класы, вулічны гандаль, дыскатэка, салют і шмат іншага.
Фестываль выклікаў незабыўныя ўражанні ў удзельнікаў паездкі, у якіх была магчымасць не толькі падарыць гораду выдатныя песні і танцы, але і прадэгуставаць вішню, купіць сувеніры са святочнай тэматыкай, прагуляцца па гасціннаму раённаму гарадку, у цэнтры якога знаходзіцца вельмі прыгожае возера з фантанам, сфатаграфавацца каля сімвала горада - манументальна-декаратыўнай кампазіцыі «Вішанька». Двухметровая скульптура, створаная віцебскім скульптарам Іванам Казаком, уяўляе сабой цыліндрычную тумбу, стылізаную пад дрэва, якое вянчае галінка са спелымі вішнямі.
«Вішнёвы фестываль» - яскравы прыклад таго, як маленькі раённы горад, выкарыстоўваючы свой прыродны рэсурс, можа стварыць вялікую культурную падзею міжнароднага ўзроўню, якая прываблівае турыстаў і дае магчымасць развівацца мясцовым прадпрыймальнікам. Кожны змог удзельнічаць у гашэнні паштовай маркі «Вішнёвага фестывалю», змог купіць сувеніры з сімволікай «Вішнёвага фестывалю» (гадзіннікі, талеркі, кубкі, магніцікі, блакноты, футболкі, падушачкі, бірулькі, сумкі і г.д.). Нават знакаміты Глыбокскі малочна-кансэрвавы камбінат пашырыў лінію прадукцыі, выпусціўшы згушчонку са смакам вішні! Праведзена велізарная маркетынгавая работа па стварэнню унікальнага брэнду. Кажуць, паглядзеўшы на вопыт Глыбокага, суседзі ў Шаркаўшчыне вырашылі зрабіць свой – яблычны – фестываль. Вось так выдатныя ідэі разыходзяцца па свеце, а яе аўтары шчодра дзеляцца ведамі з сябрамі. У іх ліку цяпер і даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры, які будзе ўжо ў шосты раз восенню праводзіць свой Міжнародны фестываль народнай культуры «Беларускі кірмаш», на які запрошаны творчы калектыў з Глыбокага.
А офіс ЦБК цяпер упрыгожвае гадзіннік «Вішнёвы фестываль», стэнд узнагарод – фестывальны дыплом, выставу папоўніў фірменны кубак, а бібліятэку – кніга пра Глыбокскі край. Падарункі былі ўручаны дэлегацыі Даўгаўпілса ў час падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбокскага райвыканкама і даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры, і на цырымоніі закрыцця «Вішнёвага фестывалю».
Цэнтр беларускай культуры выказвае падзяку за запрашэнне і сардэчны прыём старшыні Глыбокскага раённага выканаўчага камітэту Алегу Морхату; начальніку Аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбокскага райвыканкама Таццяне Тарасевіч, намесніку начальніка аддзела Людміле Карніловіч, галоўнаму спецыялісту аддзела Таццяне Мацюшонак, а таксама Генеральнаму консулу Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзіміру Васільевічу Клімаву за візавую падтрымку.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306