14 ліпеня 2016 года ў Віцебску (Беларусь) адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнага, XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». У той жа вечар на галоўнай вулічнай сцэне фестывальнага Віцебска, на плошчы Свабоды, выступаў вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі» даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). Беларускія і латышсія песні ў выкананні маладога заўзятага каллектыву пад кіраўніцтвам Настассі Малышавай гледачы сустрэлі шчодрымі апладысментамі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/53-200716-2#sigProIdc4bf0db615
Вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі» даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры атрымаў запрашэнне выступіць на адначасовых мерапрыемствах XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» 14 і 15 ліпеня 2016 года. Вечарам, 14 ліпеня, у дзень афіцыйнага адкрыцця фестывалю, на плошчы Свабоды, дзе была ўстаноўлена галоўная сцэна і экран для відэатрансляцыі, было асабліва шматлюдна. Калектывы перадалі эстафету адзін аднаму, працягваючы музычны вулічны марафон.
Канцэртная праграма даўгаўпілскіх «Пралесак» была складзена такім чынам, каб пазнаёміць гледачоў з тымі беларускімі народнымі песнямі, якія спяваюць у Латвіі, і з латышскімі песнямі. А адкрылі сваё выступленне спявачкі ў бела-блакітных касцюмах, расшытых васількамі – галоўным элементам фестывальнага лагатыпу, песняй-гімнам «Беларусы свету» (словы С.Валодзькі, музыка А.Белуся). Другі канцэрт ансамбля «Пралескі» адбыўся раніцай, 15 ліпеня, у Дзень саюзнай дзяржавы.
Даўгаўпілс і Віцебск з'яўляюцца гарадамі садружнасці з 1998 года. За гэты перыяд наладжаны цесныя сувязі, якія эфектыўна дзейнічаюць, асабліва ў сферы культуры. І гэтыя дзіўныя перапляценні двух гарадоў, двух краін і культур назіраліся на працягу ўсіх фестывальных дзён.
Менавіта ў Даўгаўпілсе праходзіць латвійскі адборачны тур прэтэндэнтаў на Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» і Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск». У гэтым годзе на іх Латвію прадстаўлялі Джоні (Яніс Лемежыс) і Меліса Кавалёва. На гала-канцэрце Урачыстага закрыцця юбілейнага, XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» прагучалі песні-пераможцы ў выкананні Аляксея Гроса (Беларусь) і 12-гадовай Настассі Гладзілінай (Расія). Латвіец Джоні ўпіша ў сваю біяграфію ўдзел у прэстыжным фестывалі, а Меліса Кавалёва стала не проста дыпламанткай конкурсу, але і атрымала пуцёўку на другі фестываль – «Адкрытая Еўропа – адкрытая Планета» у Маскве.
На ўрачыстасці падвядзення вынікаў дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2016» адзін з прызоў дыпламантам уручала Елена Швілпэ, у мінулым даўгаўпілчанка, якая стварыла знакамітую вакальную студыю «Пумпурыні», а цяпер прадзюсэр, прэзідэнт Міжнароднага фестывалю вакала і музыкі для моладзі RIGA SYMPHONY.
Віцебск, аказваецца, цесны горад, дзе магчыма сустрэць шмат знаёмых! «Пралескі» апладыравалі Духавому аркестру «Даўгава» пад кіраўніцтвам Арнольда Грынберта (Цэнтр латышскай культуры), які выступаў на плошчы Свабоды. Побач вуліцы Віцебска ахапілі рамесныя майстэрні, гандлёвыя рады, вернісажы, падвор'і беларускіх гарадкоў. Тут было прадстаўлена Браслаўскае музейнае аб'яднанне, майстрыхі якога вучылі беларусаў у Даўгаўпілсе плясці паясы, рабіць лялькі-абярэгі і гліняныя свістулькі. Па суседству – Глыбокскае падвор'е, якое рэкламіравала свой «Вішнёвы фестываль», на які хутка адправіцца выступаць калектыў Цэнтра беларускай культуры.
Увесь фестывальны тыдзень у розных кутках гасціннага Віцебска панавала яе вялікасць «Культура» - на розных мовах і ў розных фарматах. У Год Культуры ў Беларусі юбілейны XXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» аб'яднаў творчых людзей з 45 краін свету, пацвердзіўшы свой выдатны дэвіз «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення».
Цэнтр беларускай культуры выказвае шчырыя словы падзякі за запрашэнне, прыём і дапамогу ў арганізацыі паездкі ансамбля «Пралескі» на «Славянскі базар у Віцебску» начальніку Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту Галіне Фёдараўне Баркевіч, намесніку начальніка Ларысе Канстанцінаўне Аленскай, Генеральнаму консулу Республікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзіміру Васільевічу Клімаву.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Жана Раманоўская, кіраўніца ЦБК,
т. 654 24695, 20374840, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
LV-5410, Латвія, г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306