10 снежня 2021 года ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы адбылося адкрыццё фотавыставы “Беларускі позірк Даўгаўпілса” Эдуарда Літвіноўскага, арганізаванае Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур (РЦНК) Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/502-fotavystava-z-da-ga-pilsa-zdzejsnila-padarozhzha-gomel#sigProId404c7a9172
Фотапраект “Беларускі позірк Даўгаўпілса” стартаваў на XI Міжнародным фестывалі народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” 24 верасня 2021 года ў Палацы культуры Даўгаўпілса. Аўтар ідэі – кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) Жанна Раманоўская, аўтар фотапартрэтаў – даўгаўпілчанін Эдуард Літвіноўскі.
Фотавыстава, якая аб'яднала беларусаў Даўгаўпілса ў каларытных нацыянальных касцюмах на фоне прыгожай прыроды горада і яго наваколля, выклікала вялікую цікавасць у Беларусі. Дзякуючы Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур экспазіцыя дэманстравалася ў канцэртнай зале “Віцебск”, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі г. Мінска, і вось зараз адкрылася ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы. Для фатографа Э. Літвіноўскага выстава ў Гомелі асабліва значная: адсюль карані яго сям'і па бацькоўскай лініі.
Для дэлегацыі з Даўгаўпілса, якая ўпершыню наведала Гомель, супрацоўнікі бібліятэкі правялі цікавую экскурсію: прадставілі багатую калекцыю старажытных рэдкіх кніг, здзейснілі займальнае падарожжа па залах Літаратурнага музея знакамітых землякоў – Івана Шамякіна, Івана Мележа, Івана Навуменкі, Андрэя Макаёнка. Таксама быў арганізаваны “круглы стол” з кіраўніцтвам бібліятэкі і супрацоўнікамі РЦНК, на якім абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва.
На адкрыцці выставы фотамастак Э. Літвіноўскі распавёў аб працы над гэтым творчым праектам. Метадыст ЦБК Марыя Памецька адзначыла сімвалічнасць і значнасць таго, што фотавыстава беларусаў замежжа праходзіць у Год народнага адзінства ў Беларусі, коратка пазнаёміла з дзейнасцю Беларускага дома ў Даўгаўпілсе і ўручыла фірменныя сувеніры. Намесніца кіраўніка Гомельскай бібліятэкі Таццяна Барабаншчыкава падкрэсліла, што беларускія карані суайчыннікаў замежжа аб'ядналі Гомель і Даўгаўпілс і стварылі прадпасылкі для далейшага супрацоўніцтва і міжкультурнага дыялогу.
Адмысловую музычную атмасферу ў зале падтрымліваў інструментальны дуэт “Гармонія”, завяршальным акордам іх выступлення стала знакамітая “Купалінка”.
Пасля Гомеля фотавыстава працягне падарожжа па Беларусі.
Цэнтр беларускай культуры выказвае падзяку кіраўніку РЦНК Вользе Антоненка і мастацкаму кіраўніку ўстановы Алене Высоцкай-Госцевай, калектыву Гомельскай абласной бібліятэкі, Генеральнаму консульству РБ у Даўгаўпілсе.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька