16 кастрычніка 2021 года ў Даўгаўпілсе ў рамках восеньскіх Дзён беларускай культуры ў Латвіі прайшоў III Міжнародны Фестываль беларускай аўтарскай песні, арганізаваны Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” у супрацоўніцтве з Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК) пры садзейнічанні Фонду падтрымкі недзяржаўных арганізацый Даўгаўпілскай гарадской думы .
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/492-belarusa-da-ga-pilsa-i-visaginasa-ab-yadnala-a-tarskaya-pesnya#sigProIde8376d84b5
Яркім суботнім восеньскім днём у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры сустрэліся аматары аўтарскай беларускай песні з Даўгаўпілса і Вісагінаса (Літва).
Аўтар праекта, кіраўніца Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” і Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, павіншавала ўдзельнікаў і гасцей, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што, нягледзячы на розныя пандэміі, абмежаванні і перашкоды, фестываль будзе расці і развівацца.
На фестывалі па традыцыі прысутнічалі беларускія дыпламаты. Консул РБ у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава нагадала, што першы фестываль быў адзначаны на конкурсе Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур Міністэрства культуры РБ як адзін з паспяховых рэалізаваных праектаў беларускай дыяспары свету і пажадала культурнаму форуму ў гэты няпросты час заваявання новых вяршынь. Бо мэтанакіраванасці, энтузіязму і творчага натхнення ў арганізатараў і ўдзельнікаў не займаць.
Фестывальны канцэрт у гэтым годзе адкрыўся прэм'ернай песняй “Наш фестываль” у выкананні саліста з літоўскага г. Вісагінаса Сяргея Шабадалава. Аўтар слоў – даўгаўпілскі паэт Станіслаў Валодзька, музыку напісаў браслаўскі кампазітар Альберт Бялусь.
Творчыя ансамблі ЦБК – “Пралескі”, “Купалінка”, “Спадчына” і салісты – Настасся Лукашэнак, Віталь Міхайлаўскі, Яніна Юзэфовіч, вынікаючы з умоў фестывалю, выканалі па дзве аўтарскія беларускія песні, сярод якіх адна абавязкова павінна гучаць на беларускай мове. І таксама парадавалі слухачоў некалькімі прэм'ернымі песнямі.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі С. Валодзька і паэтка Лілія Воранава прачыталі свае вершы, прысвечаныя фестывалю і Дням беларускай культуры. Песні і паэзію, захапленне гледачоў аўтарскай песняй умела аб'ядналі вядучыя вечарыны, члены таварыства “Уздым” Лілія Воранава і Юрый Галоўка.
Фестывальныя выступленні завяршыліся кранальнай песняй “Беларусь” беларускага класіка турыстычнай бардаўскай песні, барда Арона Крупа, ураджэнца Даўгаўпілса. Працятая любоўю да Беларусі песня штогод, але ў розным выкананні, гучыць на Даўгаўпілскім фестывалі. На гэты раз выканаўцы і гледачы натхнёна падпявалі голасу аўтара, які гучаў са старога аўдыёзапісу.
У завяршэнні канцэрта ўсім удзельнікам былі ўручаны дыпломы, сувеніры і кветкі. На памяць таксама застанецца агульнае фота і пачуццё яднання.
Праект “III Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні” рэалізаваны Беларускім культурна-асветніцкага таварыствам “Уздым” пры суфінансаванні Фонду падтрымкі грамадскіх арганізацый Даўгаўпілскай гарадской думы.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька
Фота: Ж. Раманоўская, М. Памецька