У пятніцу, 24 верасня 2021 года, у Доме Адзінства адбыўся гала-канцэрт, які завяршыў цыкл разнапланавых мерапрыемстваў XI Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. Выступленне беларускіх аматарскіх калектываў з Латвіі і Літвы аб'яднала тэма “Збор ураджаю”.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/488-belaruski-kirmash-u-da-ga-pilse-zavyarshy-sya-yarkim-gala-kantsertam#sigProIdfe8234fcf9
Традыцыі бойкіх кірмашоў і масавых восеньскіх гулянняў у Беларусі маюць спрадвечную гісторыю. Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, мэтай якога з'яўляецца захаванне і папулярызацыя культурнай спадчыны і народных традыцый беларусаў, праходзіць ужо ў 11-ы раз і стаў за гэты час значнай падзеяй у культурным жыцці горада.
Гала-канцэрт заўсёды збіраў шмат гасцей з Латвіі і суседніх краін, але ў гэтым годзе ў сілу кавідных абмежаванняў не ўсе сябры і партнёры змаглі прыехаць. Нягледзячы на гэта, творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) –“Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Паўлінка”, гасцявыя ансамблі і артысты з Дагды і Екабпілса, а таксама Вісагінаса (Літва) здолелі стварыць атмасферу святочнай сустрэчы. Меладычныя і вясёлыя народныя песні, самабытныя і запальныя танцы, гумарыстычныя мініяцюры не давалі сумаваць нікому.
Святочнаму настрою спрыяла і тое, што за гадзіну да пачатку канцэрта ў фае Дома Адзінства працавала выстава восеньскіх дароў і смачных нарыхтовак беларускіх гаспадынь з “Уздыма”. Вочы разбягаліся ад каларытнага багацця мудрагелістых формаў і фарбаў гарбузоў, кабачкоў, патысонаў і стракатых слоічкаў з закаткамі.
Тут жа на майстар-класах усе жадаючыя з творчым запалам рабілі сваімі рукамі ляльку-абярэг і паштоўку-выцінанку з аплікацыяй; знаёміліся з прэзентацыйнымі матэрыяламі пра Беларусь і атрымлівалі на памяць сувенірны “Гузік шчасця”. На пазітыўны лад наладжвала беларуская музыка, што гучала ў фае.
Вядучыя XI фестывальнага канцэрта Жанна Раманоўская і Юрый Галоўка цёпла віталі гасцей і гледачоў пасля вельмі працяглага перапынку і на працягу ўсяго вечара падтрымлівалі ў зале пазітыўную святочную атмасферу.
Віцэ-мэр Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання Аляксей Васільеў, які ўпершыню пабыў на фестывалі, у прывітальным слове (у тым ліку і на беларускай мове) адзначыў унікальнасць Даўгаўпілса як прыгранічнага і шматнацыянальнага горада і тое, што “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” стаў “яркай і самабытнай часцінкай у яго рознакаляровым этнічным палатне”. За ўкладанне ў папулярызацыю беларускіх народных традыцый пры правядзенні фестывалю кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская ўзнагароджана ганаровай граматай Даўгаўпілскай гарадской думы.
Генконсул РБ у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць у сваёй прамове адзначыў, што фестываль “годна выконвае ганаровую місію захавання і развіцця традыцый беларускай песні і паэтычнага слова, прадстаўляе лепшыя ўзоры мастацтва, адкрывае новыя творчыя калектывы і імёны” і выказаў упэўненасць у тым, што “Беларускі кірмаш” стане сапраўдным святам нацыянальнай культуры. Дыпламат уручыў Цэнтру беларускай культуры дыплом ад Рэспубліканскага Цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за папулярызацыю беларускай культуры, захаванне гісторыі і традыцый беларускага народа ў конкурсе “Культура”. Граматы Генконсульства таксама ўдастоена дзейнасць Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.
Дэпутат Даўгаўпілскай гарадской думы і кіраўніца Цэнтра рускай культуры Наталля Кажанава падкрэсліла ролю Цэнтра беларускай культуры і фестывалю ў стварэнні пазітыўнага іміджа горада.
А потым увагу гледачоў цалкам захапілі аматарскія калектывы ЦБК, ансамбль “Завіруха” з Екабпілса, салістка “Народнай студыі” Віта Вітанэ з Дагды, ансамбль “Світанак” і саліст Сяргей Шабадалаў з літоўскага Вісагінаса. Пакуль спевакі і танцоры ў песнях і танцах “збіралі” ураджай, гледачы збіралі радасны настрой, пазітыўныя эмоцыі, душэўную блізкасць і цеплыню. Дарэчы, цяпер у Беларускім доме Даўгаўпілса ёсць абярэг з беларускім знакам-сімвалам ураджаю, вышыты майстрыхамі Екабпілскага беларускага таварыства “Спатканне”.
Па традыцыі ў фінале гала-канцэрта на сцэну выйшлі ўсе выступаючыя артысты: іх і шматлікіх гледачоў аб'яднала песня “Беларускі дом” (словы Станіслава Валодзькі, музыка Аляксандра Рудзя), саліраваў С. Шабадалаў.
Цэнтр беларускай культуры выказвае шчырую падзяку за падтрымку ў арганізацыі фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” Упраўленню культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання, Генеральнаму консульству Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе, Дому Адзінства, беларускаму таварыству “Уздым”, радыёстанцыі “Алісе +”, газеце “Миллион”, парталу Lsm.lv, сродкам масавай інфармацыі г. Даўгаўпілса.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя памецька, метадыст ЦБК