У панядзелак, 20 верасня, стартаваў Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. Першым мерапрыемствам культурнага форуму беларусаў замежжа ў Латвіі стала дабрачынная акцыя “З сардэчнай цеплынёй” па вырабе рукадзельных тэкстыльных вырабаў, адрасаваная медыцынскім работнікам бальнічнага covid-аддзялення.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/484-festyval-belaruski-kirmash-startava-dabrachynnaj-aktsyyaj#sigProId3521529651
Штогод праграма фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” уключае дабрачыннае мерапрыемства. Вынікаючы з традыцый, у гэты раз была арганізавана акцыя “З сардэчнай цеплынёй”. Усю восень майстрыхі будуць вязаць рукавіцы, шкарпэткі, вышываць сурвэткі, вырабляць іншыя вырабы з беларускімі нацыянальнымі арнаментамі, якія затым у знак удзячнасці падораць медыкам Кавід-аддзялення Даўгаўпілскай рэгіянальнай бальніцы. Пра гэта казала кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская на адкрыцці фестывальнага тыдня.
Консул РБ у Даўгаўпілсе Галіна Найдзёнава павіншавала ўдзельніц мерапрыемства з пачаткам Міжнароднага фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” і адзначыла значнасць такога старту – з добрай справы, што выяўляе суперажыванне і салідарнасць з медыкамі, якія падчас пандэміі лечаць хворых ад каронавірусной інфекцыі, ратуюць ім жыццё.
На вячорках рукадзельніцы азнаёміліся з сімволікай у беларускай культуры. З беларускіх арнаментаў першым выбралі знак абярэгу ад хвароб і злых духаў. Майстар-клас па вышыванні крыжыкам правяла метадыст Марыя Памецька. Лілія Воранава і Валянціна Анікіна паклалі ў падарункавую скрынку па пары звязаных шарсцяных шкарпэтак і прадоўжылі стваральны занятак. Як адзначылі жанчыны, можна ў Беларускім доме адкрываць сваю студыю рукадзелля “Скарбніца”, майстрых хапае.
Вячоркі будуць праходзяць па панядзелках у Цэнтры беларускай культуры, па “жоўтым” сцэнарыі. Пачатак – у 16:00. Далучайцеся да добрай справы беларусаў!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры