Х Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, які даўно стаў адной з культурных візітных картак горада і праходзіць пры поўным аншлагу, у гэты раз ва ўмовах каронавірусных абмежаванняў адбыўся ў відэафармаце. Канцэрт можна паглядзець на Youtube, Facebook, www.bkc.daugavpils.lv, а 5 і 6 снежня і па тэлебачанні – на канале LRT +.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/437-yubilejny-belaruski-kirmash-u-da-ga-pilse-prajsho-onlajn#sigProId87be02cb66
“Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” праходзіць штогод восенню, аб'ядноўваючы аматарскія беларускія ансамблі Латгаліі, Літвы, Эстоніі і Беларусі. Кожны фестываль мае сваю тэму, і тэма сёлетняга – талака. Талака – гэта калектыўная праца, агульная справа і ўзаемадапамога, вельмі важная традыцыя ў культуры многіх народаў. Мы вырасцілі “Кірмаш” ад фальклорнага свята дыяспары да міжнароднага брэндавага фестывалю і першага юбілею – усё разам, агульнымі намаганнямі.
Перарываць традыцыі – не наш стыль, таму “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” прайшоў у новым фармаце. Мы аб'ядналі відэа, дасланыя сябрамі і партнёрамі, з запісамі лепшых песень і танцаў папярэдніх “кірмашоў” у зводны канцэрт. Калі звычайна гала-канцэрт працягваецца дзве з паловай гадзіны, то відэаверсія паменшаная ўдвая. У канцэрце прадстаўлены ўсе калектывы, якія былі запрошаныя на фестываль, у тым ліку беларускія партнёры па пагадненнях аб супрацоўніцтве. Упершыню “Кірмаш” сабраў онлайн у Даўгаўпілсе беларускія ансамблі не толькі з Латгаліі, але і з усёй Латвіі.
Па традыцыі да гледачоў з прывітальным словам звярнуліся старшыня Даўгаўпілскай гарадской думы Ігар Прэлатаў і Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць.
А далей пад песню “Кірмаш-кірмашок” (словы Галіны Сантоцкой, музыка Вячаслава Пятрова) пачаўся канцэрт. Ансамблю “Купалінка” з Даўгаўпілса паўтараў завадной песняй “Базар бальшой” ансамбль “Паўлінка” з Ліепаі. Кожнаму выступленню папярэднічала інфармацыя аб талочных традыцыях беларусаў, якую распавядала вядучая Жанна Раманоўская.
Талака – старадаўні народны звычай калектыўнай дапамогі ў гаспадарчых работах, абавязкова накіраваны на поспех. Талакой садзілі і капалі бульбу, касілі сена, жалі жыта, рвалі лён, нарыхтоўвалі дровы, будавалі хаты, масты, млыны. На талаку працавалі добраахвотна і бясплатна.
Якая праца летам была самай працяглай і цяжкай? Вядома, сенакос. Пра гэта спявалі ансамблі “Завіруха” (Екабпілс) і “Купалінка” (Даўгаўпілс).
Толькі сена склалі – пара збожжавыя прыбіраць. Пра жніво і дажынкі спявалі Сузор'е” (Рэзэкнэ), “Узоры” (Ліваны), “Спадчына” (Даўгаўпілс), дуэт Дар'і Мілашевіч і Яўгеніі Шук (Міёры, Беларусь).
А ці вядома вам, што лічылася вялікім грахом касіць пшаніцу касой? А вось грэчку наадварот, не жалі сярпом, а толькі касілі. Пра грэчку спяваў ансамбль “Аколіца” (Дагда), прычым на беларускай і латгальскай мовах.
Пасля гарачай пары пачыналі капаць бульбу, бо “бульбу любяць усё на свеце”, “ураджай сабралі – адразу частавалі”. Пра гэта вясёлыя песні заспявалі “Рабінушка” (Прэйлі), “Лянок” (Елгава), “Журавінка” (Вентспілс), “Світанак” (Вісагінас, Літва), танцаваў “Лянок” (Даўгаўпілс).
Уборка лёну завяршала цыкл сельскагаспадарчых талочных работ. Пра гэта спявала дзіцячая студыя “Скарбніца” (Даўгаўпілс). А другі дзіцячы ансамбль – “Камарыкі” (Наваполацк, Беларусь), выканаў завадны танец, як быццам камарыную талаку на сцэне ладзілі.
Пасля працы талака працягвалася ў доме гаспадара – гасцінным пачастункам, а заканчвалася народным гуляннем з песнямі і танцамі, святкавала ўся вёска. Пра гэта спявалі: “Крыніца” (Лудза), “Вытокі” (Рыга), “Пралескі” (Даўгаўпілс), “Полацкі зьвяз” і “Княжыч” (Полацк, Беларусь), “Сябры” (Нарва, Эстонія), “На панадворку” (Браслаў, Беларусь). Дарэчы, ад слова “талака” пайшла назва горада Талачын, што ў Віцебскай вобласці. Менавіта ў гэтым прыгранічным рэгіёне ў нас больш за ўсё партнёраў і ўдзельнікаў фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
На канцэрце гледачы даведаліся шмат беларускіх прыказак і прымавак, прысвечаных талацы: “Без талакі – як без рукі”, “Дзе талака – там хлебна”, “Прыйшла талака – лі па кубку малака”, “Талака – апякунка жніва і ўраджайнасці” і іншыя.
Між іншым, фрагменты восеньскага беларускага кірмашу гледачы таксама ўбачылі. На ім удзельніцы тэатральнай студыі “Паўлінка” нахвальвалі свой тавар – плеценыя кошыкі, гародніну і садавіну, саленні ды варэнні ад гаспадынь таварыства “Уздым”, лялькі-абярэгі.
Добрая ў гэтым годзе атрымалася талака ў Даўгаўпілсе – працавітая, дружная і незвычайна віртуальная! Але ўсё традыцыі “Беларускага кірмашу” мы захавалі. І фінальнай песняй стаў “Беларускі дом” (словы Станіслава Валодзькі, музыка Аляксандра Рудзя) у выкананні Сяргея Шабадалава і Паўла Прозара.
Усе ўдзельнікі юбілейнага канцэрта атрымаюць па пошце дыпломы і памятныя сувеніры, у тым ліку фірменныя насценныя календары “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” і аўтарскія керамічныя вырабы Ліліі Зэйлі.
Арганізатары выказваюць удзячнасць сябрам і партнёрам, мы – разам! Асаблівыя словы падзякі – Генеральнаму консульству РБ у Даўгаўпілсе за падтрымку і падарункі.
Над фільмам-канцэртам “X Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” працавала каманда супрацоўнікаў Цэнтра беларускай культуры ў складзе Жанны Раманоўскай, Марыі Памецька, Галіны Сантоцкай, Ірыны Апэйнанэ і Дагніі Літвіноўскай, а таксама відэааператар Аляксандр Фядотаў. З 21 лістапада канцэрт можна паглядзець на Youtube, Facebook, www.bkc.daugavpils.lv, а ў гэтыя выхадныя дні – 5 і 6 снежня, па тэлебачанні – на канале LRT +, пачатак – у 15:00.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
кіраўніца Цэнтра беларускай культуры