19 жніўня 2020 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася персанальная мастацкая выстава карцін “У свеце кветак” вядомай у горадзе самадзейнай мастачкі, члена Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі, кіраўніцы мастацкай студыі ЦБК “Каларытны свет” Вэлты Лоцэ.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/409-svet-kvetak-mastachki-velty-lotse-pradsta-leny-belaruskim-dome#sigProId4db3530b81
Гэты год для В.Лоцэ можна лічыць юбілейным: 10 гадоў таму, у 2010 годзе, упершыню ўзяла ў рукі пэндзаль і ў гэтым жа годзе ў Цэнтры беларускай культуры адкрылася яе першая персанальная выстава. Мастака-самавучку так цягне ў Беларускі дом (дзе неаднаразова праводзіліся як персанальныя, так і калектыўныя выставы карцін) не выпадкова, бо карані па мацярынскай лініі цягнуцца з Браслаўскага раёна, а дзяцінства прайшло ў беларускай вёсцы.
Вэлта – асоба ва ўсіх адносінах таленавітая і шматгранная, вядомая сваёй актыўнасцю і любоўю да жыцця, нястрымнай энергіяй, уменнем ператвараць будні ў святы. Маляваць, танцаваць, спяваць, арганізоўваць разнапланавыя мерапрыемствы, займацца дабрачыннасцю, вырошчваць мноства кветак і кустоў на ўласнай дзялянцы – усё па плячы гэтай далікатнай, неардынарнай жанчыне.
В.Лоцэ працуе плённа і з энтузіязмам, напісала больш за дзвесце карцін, з якімі ўдзельнічала прыкладна ў паўсотні выстаў. У больш чым 30 карцінах, прадстаўленых на выставе, адлюстраваны самыя розныя цудоўныя кветкі – ад простых палявых рамонкаў і васількоў, да высакародных руж і лілей. Усе працы прасякнуты непадробленай любоўю аўтара да гэтага дзіва прыроды – кветак.
“Цветы, как люди, на добро щедры,
И, щедро нежность людям отдавая,
Они цветут, сердца отогревая,
Как маленькие темные костры…”
Гэтыя радкі ў выкананні Вэлты сталі лейтматывам яе паэтычнага выступлення, у якім аўтар карцін не толькі распавядала пра сябе і свой творчы шлях, але захоплена апавядала пра тое, што кожная кветка мае сваю гісторыю і свой характар, заклікала шанаваць іх прыгажосць і атрымліваць асалоду – бо кветкі лечаць не толькі цела, але і душу.
Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская цёпла павіншавала В.Лоцэ з адкрыццём чарговай выставы, адзначыла жыццесцвярджальны змест карцін мастачкі і, вядома ж, пажадала далейшых творчых здзяйсненняў. Многія госці вечарыны далучыліся да віншаванняў. А музычныя кампазіцыі аб кветках у выкананні харавой капэлы “Спадчына” і салісткі Ніны Прусаковой унеслі своеасаблівую лірычна-рамантычную нотку ў атмасферу вечара.
Карціны Вэлты Лоцэ прыцягваюць дзіўнай гармоніяй ліній, фарбаў, гульнёй святла і цені, прасякнуты цеплынёй і любоўю да навакольнага свету, захапленнем яго прыгажосцю і дасканаласцю. І карціна “Сланечнікі”, якую мастачка са шчырай удзячнасцю падарыла Цэнтру беларускай культуры, як сонейка, будзе грэць сваёй цёплай энергіяй усіх наведвальнікаў Беларускага дома.
Выстава карцін В.Лоцэ “У свеце кветак” будзе адкрыта ў ЦБК (вул.Алеяс, 68-1А) да 8 кастрычніка 2020 года.
Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК