З 23 па 25 мая 2018 года ў Даўгаўпілсе прайшлі стаўшыя ўжо традыцыйнымі майскія Дні беларускай культуры, арганізаваныя Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК). Адкрыліся яны набажэнствам у гонар Еўфрасінні Полацкай, а завяршыліся святочным канцэртам у Доме Адзінства.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/238-u-da-ga-pilse-adshumeli-majskiya-dni-belaruskaj-kultury#sigProId1732388edb
Богаслужэнне ў гонар Еўфрасінні Полацкай
Яскравы і разнапланавы карагод мерапрыемстваў, прымеркаваны да Дзён беларускай культуры, стартаваў 23 мая – у Дзень памяці Еўфрасінні Полацкай. У гонар апякункі і нябеснай заступніцы зямлі беларускай, якая праславілася сваёй асветніцкай і міратворчай дзейнасцю, па благаславенню Праасвяшчэннейшага Аляксандра, епіскапа Даўгаўпілскага і Рэзэкненскага, у кафедральным Барыса-Глебскай саборы быў адслужаны малебен. Варта адзначыць, што чатыры іконы з абліччам святой знаходзяцца ў гэтым праваслаўным храме.
Богаслужэнне ўзначаліў выконваючы абавязкі дабрачыннага Даўгаўпілскай акругі протаіерэй Дзіянісій Гаруноў, якому саслужылі: ключнік сабора протаіерэй Георгій Папоў, сакратар Даўгаўпілска-Рэзэкненскай епархіі іерэй Георгій Пятроўскі, кіраўнік епархіяльнага Аддзела Рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі іерэй Аляксандр Юкімовіч, клірыкі сабора: дыякан Раман Смірноў і дыякан Георгій Чакушын .
Па заканчэнні набажэнства протаіерэй Дзіянісій Гаруноў звярнуўся да прысутных са словам пропаведзі, у якім павіншаваў усіх з памяццю прападобнай Еўфрасінні Полацкай (па заходнім календары), якая лічыцца нябеснай заступніцай зямлі беларускай, а таксама з пачаткам Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.
Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў адзначыў вялікую значнасць такога мерапрыемства і падзякаваў служыцеляў Барыса-Глебскага кафедральнага сабора і Цэнтру беларускай культуры за арганізацыю і правядзенне набажэнства.
Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Жана Раманоўская выказала надзею, што «ў беларускай дыяспары горада зародзіцца новая традыцыя, і штогод у маі, у дзень апякункі зямлі беларускай і латгальскай Еўфрасінні Полацкай, мы будзем сустракацца ў храме і у малітве выказваць сваю падзяку за магчымасць жыць у міры і згодзе, захоўваючы хрысціянскія каштоўнасці, нацыянальную ідэнтычнасць і беларускую культуру».
Выстава карцін малой радзімы
2018 год у Беларусі абвешчаны годам малой радзімы. Гэтая тэма чырвонай ніткай прайшла на адкрыцці персанальнай выставы карцін «Краявіды роднай старонкі» прафесійнай мастачкі Надзеі Ізянёвой (Лаўрыновіч), якая мае беларускія карані. Для яе малая радзіма - мястэчка Шаркаўшчына Віцебскай вобласці, успамінаючы пра якую мастачка не магла стрымаць слёз.
Н.Ізянёва (Лаўрыновіч) закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, з’яўляецца членам Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», удзельнічала ў выставах у Польшчы, Германіі, Расіі, Латвіі.
Выдатныя карціны з краявідамі роднага краю і вельмі займальны аповяд Надзеі Ізянёвой пра сябе, эмацыйныя і сардэчныя выступленні шматлікіх гасцей, беларускія песні ў выкананні салісткі ансамбля «Пралескі» Юліі Хмяльніцкай і аўтарскія песні даўгаўпілскага барда Анатоля Галера нікога не пакінулі абыякавымі. Адкрыццё выставы прайшло на вельмі пазітыўнай і душэўнай ноце.
Разам з гэтым у Цэнтры беларускай культуры прайшоў дзень адчыненых дзвярэй. Наведвальнікі ў Беларускім доме пазнаёміліся з работай ЦБК, яго калектывамі, фотавыставай, бібліятэкай, багатай экспазіцыяй ручнікоў, абрусаў, пакрывалаў, ходнікаў ручной работы з беларускай хаткі.
Выстава будзе адкрыта ў ЦБК усё лета.
Дыктант па беларускай мове
Другі дзень Дзён беларускай культуры – 24 мая, прайшоў пад знакам роднай мовы і літаратуры. У гэты дзень у Цэнтры беларускай культуры сабраліся ўсе тыя, каму блізкая і дарагая родная мова, каб напісаць публічны дыктант на беларускай мове. Метадыст Марыя Памецька выступіла ў якасці настаўніцы роднай мовы і прадыктавала выдатны тэкст Уладзіміра Караткевіча на тэму сваёй роднай, прыгожай, мілай сэрцу Беларусі. «Вучні», сярод якіх былі і супрацоўнікі ЦБК, і члены беларускага таварыства «Уздым», успамінаючы мову сваіх бацькоў, з натхненнем і задавальненнем выводзілі словы на роднай мове.
Удумайцеся толькі, як трэба любіць родную мову і зямлю, каб апісаць яе такімі словамі: «Ездзіце… Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай, няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца на зямлі… Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца».
Літаратурная выстава «Янка Маўр - 135»
Разам з гэтым адкрылася літаратурная выстава, прымеркаваная да 135-годдзя знакамітага беларускага пісьменніка Янкі Маўра. Ён увайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як адзін з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, прыгодніцкага і навукова-пазнавальнага жанраў у беларускай літаратуры.
А 27 мая да літаратурнай выставы прыбавіліся малюнкі выхаванцаў беларускай нядзельнай школы "Вясёлка" і вучняў школ Браслава і Глыбокага (Беларусь), якія ўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў па аповесці «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (дарэчы, ураджэнца латвійскага горада Ліепая), арганізаванага Беларускім культурна-асветніцкага таварыствам «Уздым».
Канцэрт скарбаў беларускай культуры
Яркім завяршальным музычным акордам Дзён беларускай культуры стаў канцэрт «Куфар беларускіх скарбаў». Гэта працяг праекта ЦБК да 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі. У гэты раз з беларускага куфра дасталі прыгожыя тканыя дываны і пакрывалы. Імі ўцяплялі ці ўпрыгожвалі хаты і асабнякі. Дываны і пакрывалы былі не толькі паказчыкам дастатку сям'і, але і прадметам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паколькі іх выраб - гэта доўгая, карпатлівая ручная работа.
У калекцыі Цэнтра ўжо сабралася шмат беларускіх дываноў, вытканых умелымі працавітымі рукамі нашых мам і бабуль, якія падарылі ў музей члены таварыства "Уздым" і яго шматлікія сябры. Пад музыку, у прыгожым танцы, з пакрываламі на руках, у залу выйшлі танцоры ансамбля "Лянок", тым самым выклікаўшы слёзы на вачах у шматлікіх гледачоў.
Са святам Дзён беларускай культуры ўсіх удзельнікаў і гасцей канцэрта павіншавалі намесніца кіраўніка Упраўлення культуры Даўгаўпілса Віта Вілеўка, кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міёрскага райвыканкама Тронькін Аляксандр Сяргеевіч. Па шматгадовай традыцыі, беларусаў таксама павіншавалі прадстаўнікі цэнтраў рускай, польскай і ўкраінскай культуры, бо май у Даўгаўпілсе праходзіць пад знакам Дзён славянскай культуры. Рускі ансамбль «Славянка» і польскі хор «Промень» у якасці падарунка выканалі песні адпаведна на рускай і польскай мовах.
Эпіцэнтрам тэатралізавана-музычнага прадстаўлення сталі, вядома ж, калектывы ЦБК. Беларускімі песнямі, танцамі, яркімі тэатралізаванымі сцэнкамі гледачоў парадавалі мясцовыя беларускія калектывы: ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка" (кіраўнік Вячаслаў Пятроў), танцавальны ансамбль "Лянок" (кіраўніца Марына Медунецкая), вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі" (кіраўніца Настасся Малышава) , харавая капэла «Спадчына» (кіраўніца Яніна Юзэфовіч), тэатральная студыя «Паўлінка" (кіраўніца Інэса Казлоўская), ансамбль акардэаністаў «Квітнеючы май» (кіраўніца Антаніна Сівакова).
Ні адно свята ў беларусаў не абыходзіцца без гасцей. Па традыцыі, на Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілс прыязджаюць блізкія і далёкія сябры. Не шкадуючы далоняў, гледачы бурна апладзіравалі далёкім гасцям – беларускаму ансамблю «Завіруха» з Екабпілса і маладым салістам Марыі Арцімовіч і Ігару Мятле з Міёраў (Беларусь), якія выканалі запальныя беларускія песні.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька прачытаў свае вершы пра беларускія дываны, а арганізатар культурных мерапрыемстваў Галіна Сантоцкая вельмі цікава ў вершаванай форме звязвала розныя нумары канцэрта ў адзінае цэлае.
Кіраўніца ЦБК Ж.Раманоўская, выступаючы ў ролі гасціннай гаспадыні і вядучай вечара, адзначыла вялікую значнасць падзеі, павіншавала ўсіх арганізатараў, удзельнікаў і гасцей канцэрта з яркім завяршэннем Дзён беларускай культуры, кветкамі і салодкімі прызамі падзякавала ўсім удзельнікам канцэрта, для якіх служэнне беларускай культуры – не толькі іх захапленне, але і прызванне, тое, да чаго цягнецца душа і сэрца кожнага беларуса.
Дзякуй вам, паважаныя ўдзельнікі творчых калектываў, сябры, партнёры, гледачы, журналісты за падтрымку мерапрыемстваў Дзён беларускай культуры ў Даўгаўпілсе!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры

