3 лістапада 2017 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у чарговы раз адчыніла свае дзверы літаратурная гасцёўня. На гэты раз у ёй прайшоў аўтарскі вечар і прэзентацыя новага зборніка навел і вершаў «Природа осенью дышала» сузаснавальніка беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Мікалая Навуменкі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/181-notika-nikolaja-naumenko-autorvakars#sigProIdce5bf66ebf
Мікалай Антонавіч Навуменка нарадзіўся ў 1935 годзе на Магілёўшчыне ў шматдзетнай сялянскай сям'і. На абавязковую тэрміновую службу быў накіраваны ў Даўгаўпілс, у гэты горад потым вярнуўся працаваць і жыць. Мікалай Антонавіч больш за 30 гадоў працаваў слесарам на Лакаматыварамонтным заводзе, без адрыву ад вытворчасці закончыў чыгуначны тэхнікум. Аднойчы напісаў заметку ў завадскую газету «Лакаматыў», рэдактарам якой быў зямляк Зянон Буры. У 1993 годзе яны разам увайшлі ў лік заснавальнікаў беларускага таварыства «Уздым». Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Н.Навуменка працягвае пісаць прозу і вершы.
Асацыяцыя рускіх пісьменнікаў Латгаліі «РУСЛО-Л» выдала зборнік навел Мікалая Навуменкі «Матчына сэрца». І вось яшчэ адзін зборнік навел і вершаў пабачыў свет. У ім аўтар паказвае цяжкае даваеннае жыццё, ваенны час, вайсковыя і працоўныя будні. У простых вершах аўтара гучаць кранальныя дзіцячыя ўспаміны, лірычныя замалёўкі прыроды і філасофскія развагі пра жыццё, настальгія па Беларусі. Творчае захапленне Мікалая Антонавіча падтрымлівае яго сям'я: жонка, дзеці і ўнукі.
За «круглым» сталом, у сяброўскай і цёплай абстаноўцы, наведвальнікі з цікавасцю слухалі займальны аповяд Н.Навуменкі і вершы. А потым з выхадам у свет новай кнігі аўтара павіншавалі кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская, метадыст Марыя Памецька, член Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Станіслаў Валодзька, паэтка Настасся Сазанкова, члены «Уздыма» Вольга Паўловіч, Таццяна Дзянісава, Яўгенія Гуляева, Валянціна Анікіна, Лілія Валковіч. Выступоўцы дзяліліся цікавымі расказамі і разважаннямі, чыталі вершы Мікалая Антонавіча, а яшчэ адзначалі яго дзіўную сціпласць і добразычлівасць.
Музычны падарунак аўтару зрабіў паэт і выканаўца Анатоль Галер, які арганічна развёў паэтычную палітру меладычнымі фарбамі.
У гэты вечар адбылася яшчэ адна значная падзея: намесніку старшыні таварыства «Уздым» Вользе Паўловіч была ўрачыста ўручана падзячная грамата Даўгаўпілскай гарадской думы - за актыўную грамадскую дзейнасць, удзел у культурным жыцці горада і ў сувязі з 60-годдзем. Віншуем!
Калі з вышыні жыццёвага вопыту чалавеку ёсць што ўспомніць і што сказаць гэтаму свету - трэба распавядаць, пісаць, публікавацца. У гэтым сышліся ўсе ўдзельнікі літаратурнай гасцінай ў Беларускім доме. Да новых сустрэч!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры