11 жніўня 2017 года ў даўгаўпілскім Арт-цэнтры Марка Роткі ўпершыню адкрылася асабістая выстава беларускага мастака. Прыхільнікам мастацтва прадстаўлены карціны Аляксея Кузьміча (1945-2013) пад назвай “Храм Мадонны”.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/160-madonny-belorusskogo-khudozhnika-alekseya-kuzmicha-vystavleny-v-art-tsentre-marka-rotko#sigProId6338dab312
Аляксей Кузьміч скончыў Краснаярскае мастацкае вучылішча імя В.Сурыкава, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Творчасць мастака характарызуе прыхільнасць да партрэта, тэматычнай карціны. Галоўнай гераіняй жывапісу Аляксея Кузьміча заўсёды была Жанчына. Ён стварыў больш за тысячу карцін на тэму Мадонны і прызначэння жанчыны-маці. На гэты зборны вобраз мастака натхняла яго жонка. На Палессі функцыянуе музей Аляксея Кузьміча. Імя гэтага мастака вядома далёка за межамі Беларусі. Пра яго зняты фільмы, выдадзены кнігі і каталогі; выставы праходзілі ў ЗША, Кітаі, Францыі, Італіі, Германіі, Эстоніі, Латвіі.
У 2016 годзе карціны Аляксея Кузьміча ўбачылі жыхары і госці Рыгі, дзякуючы падтрымцы Беларускага інфармацыйнага цэнтра. У 2017 годзе праект убачыць Даўгаўпілс, дзякуючы Арт-цэнтру Марка Роткі і пры садзеянні Цэнтра беларускай культуры. Выставачны праект «Храм Мадонны» прадстаўляе сын мастака – Аляксей Кузьміч (малодшы). На адкрыцці выставы ён падарыў галерэі кнігу пра славутага бацьку, над выданнем якой працаваў два гады, са словамі падзякі ўручыў дырэктару Арт-цэнтра Аляксею Бурунову.
Выстава “Храм Мадонны” Аляксея Кузьміча ў Арт-цэнтры М.Роткі адкрылася напярэдадні вялікага свята ў Латвіі - дня Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі. Аляксей Кузьміч вядомы як мастак Мадоннаў, шмат маляваў Панну Марыю з немаўля на руках, маляваў прападобную Еўфрасінню Полацкую. Гэтыя святыя ахоўваюць зямлю Латвіі і Беларусі. Выстава карцін Аляксея Кузьміча – чарговы культурны крок у шматгранным і плённым супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі. Пра тое казалі ў сваіх выступленнях кіраўніца даўгаўпілсскага Упраўлення культуры Элеанора Кляшчынская, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) Жана Раманоўская. Адкрыццё выставы ўпрыгожыла выступленне вакальнага ансамбля ЦБК “Пралескі”.
Аляксей Кузьміч - першы мастак з Беларусі, асабіста выстаўлены ў Арт-цэнтры імя сусветна вядомага Марка Роткі. Што цікава, мала хто ведае, што карані самога Марка Роткі цесна звязаныя з Беларуссю. Яго бацька - Якаў Ратковіч, быў родам з вёскі Міхалішкі (зараз аграгарадок у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці). Менавіта ў Міхалішках жылі пасля вяселля бацькі Марка Роткі, нарадзіліся яго старэйшыя брат і сястра, пакуль сям’я не з’ехала ў Дзвінск. Дзякуючы дзецям М.Роткі, у тым ліку ў Даўгаўпілсе існуе культурны цэнтр яго імя. Дзякуючы дзецям Аляксея Кузьміча творчасць мастака адкрывае для сябе Еўропа. Нашчадкі захоўваюць мастацкую спадчыну сваіх бацькоў.
Вось такая глыбокая сімвалічная сувязь - праз Беларусь, праз мастацтва, жаночыя вобразы, святых – атрымалася ў Даўгаўпілсе.
Выстава “Храм Мадонны” А.Кузьміча будзе дэманстравацца ў Арт-цэнтры М.Роткі да 10 верасня 2017 года.
Інфармацыя падрыхтавана: Цэнтр беларускай культуры