У сераду, 21 снежня 2016 года, у 16.00, у даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрыецца першая і персанальная выстава карцін «Свет в окне» Ефрасінні Лелэ, члена Асацыяцыі вольных мастакоў Латгаліі. Адкрываем для сябе новае імя!
У ціхі час Адвэнту Цэнтр беларускай культуры адкрывае новае імя ў творчым асяроддзі Даўгаўпілса – мастачкі Ефрасінні Лелэ, ураджэнкі Беларусі. Што сімвалічна, калектыўная выстава Асацыяцыі вольных мастакоў Латгаліі адчыняла творчы 2016 год у ЦБК, а персанальная выстава члена Асацыяцыі зачыняе год. Сімвалічна і імя мастачкі. Як вядома, нябеснай заступніцай зямлі беларускай з'яўляецца Еўфрасіння Полацкая, у гонар якой беларусы называюць сваіх дачок.
Е.Лелэ нарадзілася ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. У 1961 годзе пераехала ў Латвію. У Рыжскім вучылішчы №34 атрымала спецыяльнасць гравёра. Шмат гадоў жыве і працуе ў Даўгаўпілсе.
Аднойчы, у верасні 2016 года, Ефрасіння Лелэ прыйшла на персанальную выставу мастачкі Вэлты Лоцэ, адкрыўшую новы творчы сезон у Цэнтры беларускай культуры. І сціпла расказала аб тым, што сама «піша ў стол». Кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская і старшыня Асацыяцыі вольных мастакоў Латгаліі Марыя Сафронава прапанавалі паглядзець яе работы і, у выпадку станоўчай адзнакі, прыняць удзел у снежаньскай выставе. Так Ефрасіння Лелэ стала членам Асацыяцыі вольных мастакоў Латгаліі, а яе карціны ўпершыню будуць публічна прадстаўлены шырокаму гледачу.
Выстава «Свет в окне» - дэбют самадзейнай мастачкі, першая і зразу персанальная выстава. Ефрасіння Лелэ малюе са школьных гадоў, для сябе, для душы. Толькі калі выйшла на пенсію, цалкам аддалася свайму хобі - жывапісу. На выставе ў ЦБК будзе предстаўлена каля 30 карцін Е.Лелэ. І радасць дэбютанткі раздзеляць яе новыя сябры з Асацыяцыі вольных мастакоў Латгаліі і Беларускага дома.
Запрашаем на адкрыццё выставы, якое пройдзе ў сераду, 21 снежня 2016 года, у 16.00, па адрасу: г.Даўгаўпілс, вул. Смілшу, 92, Палац культуры, 3 паверх, 305 каб.
Выстава «Свет в окне» будзе адкрыта для ўсіх жадаючых да 21 студзеня 2017 года (з 9.00 да 17.00). Уваход бясплатны.
Арганізатар: Цэнтр беларускай культуры ў супрацоўніцтве з Асацыяцыяй вольных мастакоў Латгаліі.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306