8 кастрычніка 2016 года ў г.Прэйлі прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны 20-годдзю творчай дзейнасці жаночага вакальнага ансамбля «Рябинушка» Прэйльскага цэнтра культуры і славянскага таварыства «Вясёлка». Павіншаваць юбіляраў прыбылі іх шматлікія прыхільнікі, сябры і партнёры, у ліку якіх была дэлегацыя даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры і беларускага культурна-прасветніцкага таварыства «Уздым».
З моманту заснавання кіраўніком «Рябинушки» з'яўляецца Святлана Сцяпанава, музыкант, педагог. У разгар бабінага лета, калі гронкі рабіны чырванелі на рабінах, у ўдзельнікаў ансамбля ўзнікла ідэя назваць свой калектыў «Рябинушка». А аднымі з іх першых песень былі «Уральская рябинушка», «Тонкая рябина» і «Егорка». Рэпертуар ансамбля складаецца з песень на рускай, беларускай і украінскай мовах. За 20 год творчай дзейнасці «Рябинушка» выступала на многіх канцэртах, святах і фестывалях у Латвіі і Беларусі, грэючы душы людзей народнай песняй. Аб гэтым гаварылі на святочным мерапрыемстве ў Прэйльскім Цэнтры культуры старшыня Прэйльскай краявой думы Марута Пліўда, дэпутаты Сэйма Іван Рыбакоў і Алдзіс Адамовіч, консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская, дырэктары школ, лідэры ветэранскіх і грамадскіх арганізацый, госці.
На сваім юбілеі ансамбль «Рябинушка» падарыў гледачам цудоўны канцэрт, узнагародай артыстам за які сталі шчодрыя апладысменты гледачоў і шмат-шмат добрых слоў сябрам.
Уручаючы ансамблю «Рябинушка» юбілейны падарунак, старшыня «Уздыма» Людміла Сінякова адзначыла, што 20 гадоў – узрост росквіту, і пажадала калектыву руху толькі ўперад. Кіраўніца даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская падкрэсліла, што ў ансамбля вельмі сімвалічная назва – «Рябинушка». Менавіта гэта дрэва расце каля дамоў і сядзіб у беларускіх вёсках і пасёлках, аберагаючы і адганяючы ад іх нягоды. А святкуе «Рябинушка» свой юбілей у дзіўны час – у Год культуры ў Беларусі і напярэдадні Дня работнікаў культуры ў Беларусі. «Рябинушка» - даўні і жаданны госць у Даўгаўпілсе. І зараз, адсвяткаваўшы свой юбілей, ансамбль рыхтуецца да паездкі на фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, на якім заўсёды цудоўна выступае.
Падарункам «Рябинушке» сталі вершы-прысвячэнне паэта Станіслава Валодзькі і песня ў выкананні салісткі вакальна-інструментальнага ансамбля «Пралескі» Цэнтра беларускай культуры Юлі Хмяльніцкай.
Дарагія сябры – ансамбль «Рябинушка»! Віншуем вас з 20-годдзем і жадаем творчых поспехаў, песенных знаходак, удзячнасці шчырых слухачоў!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры, www.bkc.daugavpils.lv
т. 654 24695, 20374840, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.,
LV-5410, Латвія, г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92, офіс 305-306