27 снежня ў Цэнтры беларускай культуры Дома Адзінства прайшлі “Калядныя вячоркі”, на якіх былі падведзены творчыя вынікі 2023 года.
У Цэнтры беларускай культуры сабраліся творчыя калектывы ЦБК: “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Паўлінка”, успамінаючы яркія моманты адыходзячага плённага года.
Для “Купалінкі”, “Лянка”, “Пралесак” і “Паўлінкі”, гэта, несумненна, удзел у ліпені ў XXVII Уселатвійскім свяце песні і XVII Свяце танца ў Рызе. Незабыўныя ўражанні таксама пакінуў удзел у Свяце “Ад Ліга да Купалля” у Вентспілсе. Вакальны ансамбль “Пралескі” успамінаў выступленне ў Цэнтры нацыянальных культур Клайпеды і на юбілейным канцэрце ансамбля “Світанак” у Вісагінасе. Харавой капэле “Спадчына” запомнілася Свята беларускай песні ў Вільнюсе, а ансамблю “Купалінка” выступленне ў Рызе ў Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі.
Дзіўныя адкрыцці дапамог зрабіць квэст па латвійскіх слядах беларускага пісьменніка Янкі Маўра ў Ліепаі, падарожжа на Міжнародны фестываль “Сябры” збіраюць сяброў” у Нарве.
Усе калектывы песнямі і танцамі павіншавалі з 15-годдзем тэатральную студыю “Паўлінка”, з 10-годдзем харавую капэлу “Спадчына”, з 13-годдзем Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
Пра ўсё гэта раскажа наведвальнікам ЦБК фотавыстава па выніках 2023 года.
Кожны ўдзельнік “Калядных вячорак” унёс свой таленавіты ўклад у стварэнне святочнай атмасферы. Вечар атрымаўся па-хатняму ўтульным і пазітыўным.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры