27 сакавіка 2024 года ў Дзённым цэнтры “Saskarsme” адбылася вечарына памяці паэткі і мастачкі, уладальніцы сярэбранага знака “Узнагарода года-2014” Даўгаўпілскай гарадской думы Анастасіі Сазанковай, у якім прыняў удзел ансамбль беларускай народнай песні Цэнтра беларускай культуры Дома Адзінства (ЦБК).
Анастасія Сазанкова пражыла доўгае і плённае жыццё, пакінуўшы пасля сябе багатую творчую спадчыну. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская расказала пра шматлікія выставы і прэзентацыі кніг А. Сазанковай, якія праходзілі ў Беларускім доме, падзялілася невядомымі дагэтуль фактамі з біяграфіі.
Многія з прысутных гасцей чыталі вершы, дзяліліся асабістымі ўспамінамі. Ансамбль “Купалінка” выканаў некалькі беларускіх народных песень; некалі іх выконвала Анастасія Аляксандраўна, будучы ўдзельніцай калектыву.
Вечар успамінаў пакінуў добрую памяць пра таленавітага светлага чалавека.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры