27 сакавіка 2024 года ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) Дома адзінства адбылася літаратурная вечарына, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння драматурга і педагога Вольгі Сахаравай (1884-1943) і прымеркаваная да Міжнароднага дня тэатра.
У міжваенны перыяд Латвійскай Рэспублікі сям'я педагогаў Сахаравых – Вольга Фёдараўна і Сяргей Пятровіч, унесла важкі ўклад у захаванне беларускай культуры і нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў. Яны выкладалі ў школах, пісалі кнігі, збіралі фальклор, актыўна ўдзельнічалі ў культурным, грамадскім і палітычным жыцці краіны.
Актыўная літаратурная дзейнасць В. Сахаравай пачалася ў Лудзе, дзе яна пісала невялікія сцэнкі і ставіла іх з выхаванцамі беларускага дзіцячага сада. Яе вершы друкаваліся ў газетах і зборніку. У Даўгаўпілскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, дзе В. Сахарава працавала настаўнікай, раскрыўся яе талент як драматурга. Былі напісаны і пастаўлены п'есы “На Полацкім замчышчы”, “Птушка на волі”, “Ліст да прэзідэнта”, “Аксюткіна ёлка”, “Вяселле”.
З забыцця імя Вольгі Сахаравай у пачатку гэтага стагоддзя вярнулі беларускія пісьменнікі Сяргей Панізьнік і Міхась Казлоўскі, выдаўшы зборнікі твораў.
П'еса “На Полацкім замчышчы” (казачная феерыя паводле паэмы Янкі Купалы “Сон на кургане”) была пастаўлена ў 1927 годзе. Літоўскі і беларускі кампазітар Канстанцін Галкоўскі напісаў да яе 6 музычных ілюстрацый (хоры і сольныя нумары). Спектакль заслужыў станоўчую адзнаку экспертаў. Праз год п'еса была выдадзена асобнай кнігай. Карысталася папулярнасцю на сцэнічных пляцоўках міжваеннай Латвіі і Заходняй Беларусі.
Тэатральная студыя “Паўлінка” Цэнтра беларускай культуры паказала фрагмент п'есы. Інэса Казлоўская, Яўген Васюкевіч, Алена Радзівонава і Юрый Галаўко пастараліся перадаць атмасферу сярэднявечнага Полацка.
У памяць Вольгі Сахаравай Даўгаўпілскае беларускае таварыства “Альтанка” перавыдала кнігу “На Полацкім замчышчы” у факсімільным фармаце тыражом 100 экзэмпляраў. Аўтар праекта – Жанна Раманоўская.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/671-olgas-saharovas-jubilejai-tika-parizdota-vinas-pirma-luga#sigProIdabf52746f0
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры