22 снежня 2023 года ў структурным падраздзяленні “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання (ЦБК) прайшоў майстар-клас “Ствараем Калядны настрой разам!”, на якім школьнікі вучыліся вырабляць традыцыйны калядны абярэг беларусаў – “павука” з саломы.
Саломапляценне – адно са старэйшых рамёстваў у беларусаў, самабытны элемент народнага мастацтва, нядаўна ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
У гэта цяжка паверыць, але ў дахрысціянскія часы магічным сімвалам новага года і абнаўлення ў беларусаў з'яўляўся саламяны павук, а не ялінка.
Абярэгі плятуць з залацістай саломкі, збіраючы фігуры ў выглядзе пірамідак альбо ромбаў. Напярэдадні Калядаў саламяных павукоў падвешваюць пад столлю на самым ганаровым месцы, а старыя здымаюць і спальваюць. Аналагічная традыцыя ёсць у латышскай культуры – puzuri.
Напярэдадні Калядаў у ЦБК прайшоў святочны майстар-клас па вырабе саламяных павукоў, у якім актыўны ўдзел прымалі выхаванцы студыі “Скарбніца”. Даведаўшыся сакрэты абярэга і асаблівасці яго пляцення, пад кіраўніцтвам Анастасіі Бароўскай школьнікі стваралі саламяных павукоў-абярэгаў, уносячы свае дызайнерскія элементы.
Кожны ўдзельнік майстар-класа панёс дадому сваё першае дэкаратыўнае тварэнне, хатні абярэг, бо павукі жывуць у кожнай хаце; а таксама салодкія падарункі ад Цэнтра беларускай культуры, дзе працуе студыя “Скарбніца”, якая знаёміць школьнікаў з культурай беларусаў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька
метадыст Цэнтра беларускай культуры