29 ліпеня 2023 года на плошчы Віенібас у Даўгаўпілсе адбыўся Фестываль латгальскай гасціннасці “Gostūs Latgalē”, на якім гледачоў з беларускімі песнямі знаёміла харавая капэла “Спадчына” Цэнтра беларускай культуры (ЦБК), а Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” частавала стравамі беларускай кухні.
Прэзентацыя беларускай нацыянальнай кухні выклікала жывы водгук у гледачоў фестывалю “Gostūs Latgalē”. Яны па заслугах ацанілі дранікі са смятанай, бульбяныя бліны з мясам, жытнія бліны са скваркамі, сала і іншыя прысмакі.
Не меншую цікавасць выклікала выступленне харавой капэлы “Спадчына”. Песні на беларускай мове “Сонейка ды месяц”, “Дранікі”, “У садзе гуляла”, “Шумяць вербы” гледачы прынялі шчодрымі апладысментамі.
Фестываль латгальскай гасціннасці “Gostūs Latgalē” арганізаваў “Музей шмакаўкі” установы “Агенцтва развіцця турызму і інфармацыі” Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання. Творчыя калектывы ЦБК удзельнічаюць у свяце другі год, у мінулы раз выступаў танцавальны ансамбль “Лянок”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры