25 лістапада 2023 года ў Цэнтры культуры Ліванскага краю прайшоў 10-ы Міжнародны фестываль народнай песні “Музычны вянок адзінства”, арганізаваны Ліванскім славянскім таварыствам “Узоры”, у якім прыняў удзел беларускі ансамбль “Купалінка” з Даўгаўпілса.
Юбілейны фестываль народнай песні ў Ліванах сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў з Латгаліі і Літвы – 12 калектываў. Гучалі песні на розных мовах, якія прадстаўляюць разнастайную культуру краю.
Беларускія творчыя калектывы з Даўгаўпілса з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі фестывалю. На гэты раз у музычную палітру свае непаўторныя фарбы ўнёс ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (маст. кір. Вячаслаў Пятроў) структурнага падраздзялення “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання. Самадзейныя артысты выканалі беларускую і латгальскую народныя песні.
Гледачы вельмі цёпла віталі ўсіх удзельнікаў фестывалю і сагравалі артыстаў шчырымі апладысментамі ў зімовае снежнае надвор'е.
Цэнтр беларускай культуры і Ліванскае славянскае таварыства “Узоры” (старшыня Лідзія Знотыня) звязвае шматгадовае плённае супрацоўніцтва.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры