27 кастрычніка 2023 года ў Даўгаўпілскай псіханеўралагічнай бальніцы адбыўся дабрачынны восеньскі канцэрт, які даў ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” структурнага падраздзялення “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання.
Штогод творчыя калектывы Цэнтра беларускай культуры выступаюць з канцэртнымі праграмамі ў розных сацыяльных установах Даўгаўпілса.
Ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў) у чарговы раз парадаваў кліентаў псіханеўралагічнай бальніцы разнастайным рэпертуарам: лірычнымі і вясёлымі народнымі песнямі на беларускай, латышскай і латгальскай мовах.
Галіна Сантоцкая прачытала жартоўную байку “Было ў цешчы тры зяці”, а паэт і бард Анатоль Галер дадаў настальгічныя ноткі, выканаўшы пад гітару некалькі песень аб прыродзе чалавечых адносін і пра любоў да Латгаліі.
Удзячныя гледачы ўзнагародзілі самадзейных артыстаў шчырымі апладысментамі і сувенірамі з часцінкай душэўнага цяпла, зробленыя ўласнымі рукамі.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры