16 кастрычніка 2023 года ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася творчая вечарына паэта Яўгена Голубева “З думкай аб роднай старонцы”, на якой была прадстаўлена новая кніга, гучалі новыя вершы і гісторыі.
Яўген Голубеў – паэт, публіцыст, краязнаўца, аўтар зборнікаў вершаў і дзіцячых кніг, член аўтарытэтных грамадскіх літаратурных арганізацый. Частка яго твораў перакладзена на латышскую, латгальскую, беларускую, нямецкую, балгарскую мовы.
Е. Голубеў родам з Рыгі, у Даўгаўпілс пераехаў у 1967 годзе. Непасрэдныя адносіны да таго, што Яўген Георгіевіч стаў паэтам, мае беларускі горад Баранавічы. Тут будучы паэт увайшоў у літаратурнае аб'яднанне і ўпершыню надрукаваў свае вершы. Пазней атрымаў прафесійную філалагічную адукацыю, скончыўшы літаратурную ВНУ.
Яўген Голубеў пазнаёміў слухачоў з кнігай для дзяцей “Жывы калейдаскоп”, якая нядаўна выйшла з друку, натхнёна чытаў вершы, распавёў цікавыя гісторыі. Аўтар прадставіў публіцы першы верш, напісаны ім на беларускай мове – прэм'ера выклікала шчырыя апладысменты.
Паэта цёпла павіншавалі кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, кіраўніца праектаў Цэнтра рускай культуры Галіна Іванова, член праўлення Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Зінаіда Сіліня, вядомыя паэты Станіслаў Валодзька, Фаіна Осіна, Павел Плотнікаў, прысутнічаючыя на імпрэзе прыхільнікі паэтычнага слова.
Музычным падарункам прагучала прэм'ера песні на словы Яўгена Голубева “Не забудьте меня, незабудки” у выкананні Яніны Юзэфовіч і аўтарскія песні барда Анатоля Галлера.
Супрацоўніцтва Цэнтра беларускай культуры і паэта Яўгена Голубева працягнецца і надалей.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры