16 верасня 2023 года ў Вільні прайшло 27-е Свята беларускай песні, арганізаванае Аб'яднаннем беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы. У фестывалі ўдзельнічала харавая капэла “Спадчына” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.
Фестываль “Свята беларускай песні” праходзіць у Літве восенню, штогод мяняючы горад правядзення. У мінулым годзе форум прымаў Вільнюс, канцэрт прайшоў у прыгожай зале Дома настаўніка ў старым горадзе.
Удзельнікаў і гледачоў фестывалю віталі замежныя ганаровыя госці – старшыня Згуртавання беларусаў Польшчы Базыль Сегень і кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская. Паэт Станіслаў Валодзька, песні якога спяваюць многія аматарскія ансамблі беларусаў замежжа, прачытаў верш “Наш голас”.
Па запрашэнні Аб'яднання беларускіх недзяржаўных арганізацый Літвы ў фестывалі неаднаразова ўдзельнічалі творчыя калектывы Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. На гэты раз выступала харавая капэла “Спадчына”, якая прадставіла гледачам вечную класіку – “Спадчыну” Янкі Купалы і “Мой родны кут” Якуба Коласа пад акампанемент на фартэпіяна кіраўніка творчага калектыву Сяргея Братусева.
У Святе беларускай песні спявалі ансамблі: “Лянок” Таварыства беларускай школы Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны, “Сузор'е” і “Світанак” з Вісагінаса, “Крыніца” з Клайпеды, “Спяваючыя сэрцы” і “Беларускі цуд” з Вільнюса, “Світанак” з Беластока (Польшча), а таксама саліст Сяргей Шанькін.
Кіраўнік Аб'яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы Мікалай Логвін падзякаваў шматгадовым вядучым фестывалю Сяргею і Вользе Шабадалавым, артыстам і гледачам за цудоўнае свята, запрасіўшы на наступнае, якое адбудзецца ў 2024 годзе ў Вісагінасе.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры