5 верасня 2023 года ва ўстанове “Цэнтр беларускай культуры” Даўгаўпілскай гарадской думы (ЦБК) літаратурна-дакументальнай выставай, прысвечанай 130-годдзю Максіма Гарэцкага, адкрыўся новы творчы сезон, прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства.
Свята “Дзень беларускага пісьменства” традыцыйна праходзіць у ЦБК у першыя вераснёўскія дні; для кожнага беларуса гэта нагода ўспомніць свае вытокі і карані. Фармат мерапрыемства з году ў год мяняецца і на гэты раз асновай паслужыла літаратурна-дакументальная выстава, прысвечаная 130-годдзю беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы, фалькларыста, дзеяча беларускага нацыянальнага руху Максіма Гарэцкага (1893-1938), створаная Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.
Пра жыццё, дзейнасць і творчасць Максіма Гарэцкага, цікавыя і малавядомыя факты біяграфіі расказала кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская.
М. Гарэцкі нарадзіўся ў глухой беларускай вёсачцы Магілёўскай вобласці, у беднай сялянскай сям'і, але бацькі пастараліся даць дзецям добрую адукацыю. Імя Максіма Гарэцкага ўпісана ў гісторыю беларускай культуры як празаіка, які апісвае жыццё з натуры, без прыкрас, як выкладчыка беларускай мовы і літаратуры, першага выдаўца гісторыі беларускай літаратуры, складальніка слоўнікаў і хрэстаматый, перакладчыка. М. Гарэцкі – асоба з трагічным лёсам: быў арыштаваны за грамадскую дзейнасць, у 1938 годзе расстраляны, рэабілітаваны ў 1957 годзе.
“Раней у школе не вывучалі творчасць М. Гарэцкага, таму кожны можа адкрыць для сябе гэтае імя, па-новаму зірнуць на творчасць”, – падагульніла свой выступ
Ж. Раманоўская.
У біяграфіі М. Гарэцкага ёсць старонка, звязаная з Даўгаўпілсам. У міжваенны перыяд ужо прызнаны літаратар, з педагагічным вопытам, чатыры месяцы быў лектарам Беларускіх дзяржаўных аднагадовых настаўніцкіх курсаў. Чарговы арышт вядомага грамадскага дзеяча таксама адбыўся ў Даўгаўпілсе, па запыце літоўскага боку. Пра гэты перыяд жыцця падрабязна расказаў заснавальнік Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, краязнаўца Мікалай Паўловіч. Жывую цікавасць выклікалі прадстаўленыя ім артэфакты з асабістага архіва – старадаўнія кнігі, падручнікі, фатаграфіі, афішы, тэатральныя праграмкі.
Паэт, заснавальнік Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Станіслаў Валодзька лічыць М. Гарэцкага родапачынальнікам беларускай прозы. Спецыяльна да адкрыцця выставы ён напісаў верш “Шлях Максіма Гарэцкага”.
Музычны акцэнт забяспечыла харавая капэла “Спадчына” (мастацкі рук. Сяргей Братусеў), якая выканала лірычныя песні пра родную мову, пра карані і вытокі.
Завяршыўся вечар пазнавальнай віктарынай на тэму беларускай асветы, у якой актыўна ўдзельнічалі ўсе наведвальнікі.
Літаратурна-дакументальная выстава “Максім Гарэцкі-130” будзе даступная ў ЦБК (вул. Алеяс, 68-1А) да 29 верасня 2023 года.
Плануецца, што потым перасовачная выстава адправіцца ў Рыжскую беларускую асноўную школу імя Янкі Купалы.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/633-baltkrievu-rakstniec-bas-diena-velt-ta-maksimam-goreckim#sigProId348636ad9f
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры