Традыцыйна ў перыяд летніх канікулаў частымі гасцямі Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) становяцца выхаванцы дзённых дзіцячых лагераў з розных адукацыйных устаноў горада. Праца і зносіны з дзіцячай аўдыторыяй заўсёды цікавыя і займальныя.
Супрацоўнікі ЦБК пазнаёмілі ўдзельнікаў лагераў «Даўгаўпілскія даследчыкі», «Ручаёк», «Вясёлы разумнік», «У свеце прафесій» з працай установы, правялі пазнавальную экскурсію па музеі «Беларуская хатка», разнастайныя майстар-класы і гульні.
Групы малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту з задавальненнем знаёміліся з беларускімі традыцыямі (свята Купалля), абрадавымі святамі (Сёмуха, Спас, Багач), музейнымі экспанатамі, народнымі касцюмамі, удзельнічалі ў майстар-класах па вырабе беларускай лялькі-абярэга са шматкоў тканіны і паштоўкі з беларускай аплікацыяй-выцінанкай, гулялі ў карагодныя народныя гульні «Падушачка» і «Капялюш», адгадвалі загадкі на беларускай мове, атрымліваючы за правільны адказ салодкі прыз.
Юныя даследчыкі засталіся вельмі задаволены зносінамі, творчым працэсам, набытымі ў гульнявой форме новымі ведамі і навыкамі; яркія дзіцячыя эмоцыі на заключнай фатаграфіі – таму пацвярджэнне.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры