25 мая 2023 года Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) упершыню наведалі члены Дагдскага брацтва інвалідаў NEMA, каб пазнаёміцца з культурай, традыцыямі і звычаямі беларусаў.
Знаёмства з Цэнтрам беларускай культуры пачалося з відэапрэзентацыі аб дзейнасці ўстановы.
Расказ у музейным пакоі “Беларуская хатка” пра жыццё беларускіх сялян мінулага стагоддзя, з дэманстрацыяй прадметаў працы і побыту, абстаноўкі вясковага дома, тканых і вышытых вырабаў, выклікаў ў гасцей непадробленую цікавасць.
На наступным этапе члены NEMA паўдзельнічалі ў майстар-класе па вырабе беларускай традыцыйнай лялькі-абярэга са шматкоў тканін. Карпатлівая праца ўвянчалася поспехам – усё справіліся з задачай і павезлі дадому свае лялькі-абярэгі.
Жадаючыя працягнулі працу за сталом, старанна размалёўваючы беларускую кветку-сімвал васілёк; іншыя разгадвалі загадкі на беларускай мове і шчыра радаваліся салодкаму прызу за правільны адказ.
Госці хутка развучылі народную беларускую гульню “Падушачка”: усе з задавальненнем і энтузіязмам вадзілі карагод, спявалі песеньку на беларускай мове і перадавалі адзін аднаму падушачку – элемент знаёмства і добразычлівасці. Менавіта такія пачуцці адчувалі напрыканцы сустрэчы ўсе ўдзельнікі.
Фотасесія завяршыла душэўныя зносіны ў Цэнтры беларускай культуры, дзе кожны выбіраў сабе фотазону: музейныя экспазіцыі, беларускія арнаменты, выставу альбо манекены ў народных касцюмах.
Як адзначыла кіраўніца NEMA Марытэ Зарыня, людзі з абмежаванымі магчымасцямі нібыта аднакрылыя анёлы, паасобку слабыя, а разам могуць вельмі многае. Гэты пасыл адлюстраваны ў лагатыпе Дагдскага брацтва інвалідаў NEMA. У тым ліку падарожнічаць, пашыраць для сябе свет, адкрываць новыя культуры.
Інфармацыя прыгатавана:
Цэнтр беларускай культуры