29 красавіка 2023 года ў г. Вісагінас (Літва) з аншлагам прайшоў канцэрт ансамбля беларускай песні “Світанак”, прысвечаны 25-годдзю творчай дзейнасці. Сябры з Даўгаўпілса таксама павіншавалі юбіляраў.
Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) з Вісагінскім беларускім культурным цэнтрам “Крок” і ансамблем “Світанак” звязваюць многія гады плённага супрацоўніцтва. І на сумесных сустрэчах заўсёды гучалі беларускія песні, якія аб'ядноўваюць людзей і народы, гарады і краіны. Пра гэта казала кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская ў віншавальным выступленні, уручыўшы падарункі кіраўніку ансамбля “Світанак” Сяргею Шабадалаву.
А музычным падарункам калегам і гледачам стала вясёлае выступленне вакальнага ансамбля “Пралескі” ЦБК.
На яркім юбілейным канцэрце ансамбля “Світанак” не было абыякавых гледачоў. Поўная зала, шчодрыя апладысменты, кветкі і падарункі – што яшчэ трэба для творчага шчасця самадзейным артыстам!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры