22 сакавіка 2023 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшоў трэці этап даследчай акцыі “Суквецце культур”. На гэты раз госці з Цэнтра польскай культуры і Цэнтра ўкраінскай культуры “Мрыя” вывучалі традыцыйнае беларускае абрадавае свята “Гуканне вясны”.
Сустрэча пачалася з экскурсіі па Беларускім доме. Госці з вялікай цікавасцю знаёміліся з музейнай экспазіцыяй “Беларускай хаткі”, а потым знаёмства са структурай і дзейнасцю ўстановы працягнулася ў паказанай прэзентацыі. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская акрэсліла мэты і задачы праекта “Суквецце культур”, а таксама сутнасць святкавання абраду “Гуканне вясны”.
У беларусаў, як і ў традыцыях многіх народаў, пачатку вясны папярэднічае гэтае абрадавае свята, галоўнай мэтай якога з'яўляецца абудзіць прыроду, паскорыць прыход цяпла і сонца.
Галоўныя элементы свята паказаў ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў). З упрыгожаным стракатымі стужкамі колам – сімвалам сонца, пад акампанемент акардэона праспявалі песні-вяснянкі, якія зазываюць вясну і птушак, жартоўныя і карагодныя песні. Разам з ансамблем госці дружна клікалі вясну і з азартам гулялі ў беларускую карагодную гульню “Падушачка”.
У сваю чаргу госці захоплена расказвалі пра падобныя і адметныя моманты ў традыцыі зазывання вясны ў польскай і ўкраінскай культурах.
Усім прыйшлася да спадобы і дэгустацыя беларускай нацыянальнай кухні. У многіх культурах рыхтуюць бульбяныя бліны, але ў беларусаў яны “фірмовыя” – дранікі.
Прыемным заканчэннем сустрэчы стала своеасаблівая песенная эстафета: песні на беларускай, польскай і ўкраінскай мовах з запалам і натхненнем выконвалі літаральна ўсе прысутныя.
Госці развітваліся ў прыўзнятым настроі ад сяброўскіх зносін і забіралі на памяць папяровую “птушку з далоні” як узор традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў беларусаў – выцінанкі.
Праект аб мультыкультурнай разнастайнасці Даўгаўпілса стартаваў у студзені гэтага года. Кожны месяц у Цэнтр беларускай культуры з прадстаўнікамі розных нацыянальна-культурных таварыстваў даследуюць пэўную традыцыю ці тэму, уласцівую суседнім народам. Дыялог культур працягнецца ў красавіку традыцыямі святкавання Вялікадня. А завершыцца праект “Суквецце культур” вялікім сумесным канцэртам 12 мая 2023 года, які прымеркаваны да Міжнароднага дня культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры