16 кастрычніка 2022 года ў Доме культуры горада Дагда прайшоў святочны канцэрт Дзён беларускай культуры, арганізаваны Дагдскім беларускім таварыствам “Вербіца”. Вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” Цэнтра беларускай культуры падтрымаў мерапрыемства, выканаўшы песні са свайго рэпертуару.
Штогод Дагдскае беларускае таварыства “Вербіца” праводзіць святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дзён беларускай культуры. Як і належыць, ніводнае свята не праходзіць без канцэрта, які становіцца кульмінацыяй усяго свята. На гэты раз канцэрт сабраў мноства вакальных беларускіх ансамбляў і салістаў з розных гарадоў Латвіі, гасцей з суседняй Літвы, а таксама сяброў з культурных цэнтраў іншых народаў.
Са сваіх прыгожых вершаў канцэрт пачала мясцовая паэтка Тамара Дарафеева, задаўшы святочны і натхнёны тон усім удзельнікам канцэрта. Свае вакальныя нумары на суд гледачоў прадстаўлялі такія калектывы: ансамбль беларускай песні “Світанак” з Вісагінаса, беларускі ансамбль “Сузор'е” з Рэзэкнэ, беларускі вакальны ансамбль “Аколіца” і вакальны ансамбль сеньёраў “Вярба” з Дагды. З сольнымі песнямі ў рамках канцэрта выступіла выканаўца Жанна Слядзеўская, а таксама “Народная студыя” з Эзэрніекі.
Прыемным і нечаканым удзельнікам канцэрта стаў завадны танцавальны ансамбль “Авів” яўрэйскай абшчыны Даўгаўпілса. Вакальна-інструментальны ансамбль “Пралескі” не адставаў ад калег і выканаў тры беларускія песні, якія паказваюць разнастайнасць, меладычнасць і прыгажосць беларускай песеннай культуры. Канцэрт завяршыўся падзячнымі словамі ад арганізатараў свята, уручэннем падарункаў і паэтычнымі радкамі ў выкананні паэткі Тамары Дарафеевай.
Цэнтр беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання і Дагдскае беларускае таварыства “Вербіца” плённа супрацоўнічаюць шмат гадоў, абменьваючыся вопытам і падтрымліваючы мерапрыемствы адзін аднаго.
Інфармацыя падрыхтавана:
Настасся Лукашэнак,
кіраўніца ансамбля “Пралескі”