16 кастрычніка 2022 года дэлегацыя Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання і Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” пабывала ў гасцях у Прэйльскага славянскага таварыства “Радуга” на святкаванні 26-годдзя жаночага вакальнага ансамбля “Рабінушка”.
У беларусаў Даўгаўпілса з Прэйльскім славянскім таварыствам “Радуга” даўно выбудаваліся плённыя сяброўскія адносіны. Літаральна напярэдадні ансамбль “Рабінушка” з вялікім поспехам выступіў на нашым XII Міжнародным фестывалі народнай культуры “Беларуская кірмаш у Даўгаўпілсе”. І літаральна на наступны дзень мы адправіліся ў невялікае падарожжа, каб павіншаваць нашых сяброў з днём нараджэння.
Неверагодны святочны канцэрт прайшоў пад дэвізам “25+1”, бо каранавірусная пандэмія ўнесла ў мінулым годзе свае карэктывы і не дала магчымасць адсвяткаваць калектыву 25-гадовы юбілей. Таму канцэртная праграма ўразіла ўсіх гасцей шырокім рэпертуарам, маляўнічымі касцюмамі, мноствам кветак і віншаванняў.
Удзельніц ансамбля “Рабінушка” аб'ядноўвае любоў да песні, імкненне да захавання сваіх традыцый і звычаяў; у багатым рэпертуары калектыву песні на рускай, беларускай, украінскай, латышскай і іншых мовах. Сваім цудоўным настроем, выдатным натхнёным выкананнем, арыгінальнымі і прыгожымі касцюмамі, якія некалькі разоў мяняліся на працягу канцэрта, удзельніцы ансамбля парадавалі сваіх гасцей і, несумненна, зарадзілі іх новай пазітыўнай энергіяй.
Прадстаўнікі ЦБК і “Уздыма” Марыя Памецька і Лілія Воранава цёпла павіншавалі юбіляраў вершамі на беларускай мове, арыгінальнымі сувенірамі і нават беларускай песняй, якую выканалі разам з “Рабінушкай” і ўсёй залай на развітанне. Можна з упэўненасцю сказаць, што песня аб'яднала і артыстаў, і гледачоў – усе госці дружна падпявалі знаёмыя радкі песень, якія прагучалі на розных мовах.
Са святам, “Рабінушка”, новых вяршыняў і творчых дасягненняў!
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры