5 чэрвеня 2022 года, у завяршальны дзень Свята горада, вакальны ансамбль “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры на сцэне сквера Андрэя Пумпура падарыў жыхарам і гасцям Даўгаўпілса свой музычны падарунак.
У спякотны, па-сапраўднаму летні дзень удзельніцы маладзёжнага калектыву “Пралескі”, па-святочнаму апранутыя ў стылізаваныя беларускія касцюмы колеру першых вясновых кветак – пралесак, ва ўтульным гарадскім скверыку ў цэнтры Даўгаўпілса выканалі для ўдзельнікаў святочных гулянняў як народныя, так і аўтарскія беларускія песні.
Не абышлося і без музычных, усімі любімых твораў латышскіх кампазітараў; песні гучалі адразу на беларускай (у перакладзе) і латышскай мовах. Удзельніцы ансамбля мянялі характар, настрой і выразнасць выкананых музычных твораў, заварожваючы гледача таленавітым выкананнем і сцэнічнай энергіяй.
“Пралескі” таксама прадставілі разнастайнасць складу ансамбля і музычнага выканання. Было выканана некалькі сольных нумароў, якія прымаліся гледачамі з асаблівай цеплынёй і падтрымкай. Для ўдзельніц ансамбля “Пралескі” (мастацкі кіраўнік Настасся Лукашэнак) было гонарам і вялікім задавальненнем прыняць удзел у стварэнні святочнага настрою ўсім слухачам канцэрта ў такое цудоўнае свята.
Інфармацыя падрыхтавана:
Настасся Лукашэнак,
мастацкі кіраўнік ансамбля “Пралескі”