22 красавіка 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбыўся музычна-рукадзельны занятак, прысвечаны традыцыйнаму вясноваму святу Вялікадня. Дзеці азнаёміліся з галоўнымі сімваламі гэтага ўсімі любімага свята, а таксама даведаліся шмат новага пра беларускія традыцыі ў гэты незвычайны вясновы перыяд.
Вялікдзень з'яўляецца традыцыйным вясновым святам не толькі для каталікоў і праваслаўных, але і днём, калі нашы продкі адзначалі абуджэнне прыроды, радаваліся вясноваму сонцу і цяплу, чакалі пачатак палявых работ. Як і любое абрадавае свята, ушанаванне Вялікадня суправаджалася песнямі, танцамі і пачастункамі.
Святочны занятак пачаўся са стварэння маляўнічай паштоўкі ў выглядзе Велікоднага яйка, выразанага ў традыцыйнай тэхніцы беларускай выцінанкі. Дзякуючы намаганням і энтузіязму дзяцей кожная паштоўка атрымалася вельмі арыгінальнай і яркай.
На працягу свята дзеці пазнаёміліся з традыцыяй валачобнікаў – групы людзей, якія наведвалі хаты, выконваючы гаспадарам песні і іграючы на мностве музычных інструментаў. Каб даць магчымасць дзецям адчуць дух гэтага дзейства, была развучана новая велікодная песня “Свяці, свяці, сонейка”, якая прарочыць хуткае наступленне цяпла і пачатак квітнення ўсяго жывога на зямлі. Дзеці старанна падпявалі адзін аднаму і ўжо ў канцы занятку смела спявалі толькі што развучаную песню.
Апошнім заданнем было аднаўленне на сучасны лад адной з самых старажытных велікодных традыцый – роспісу яйка. Даведаўшыся аб спецыфіцы і складанасці стварэння пісанкі (распісанае велікоднае яйка з выкарыстаннем воску), дзеці вырашылі паўтарыць традыцыйныя ўзоры з дапамогай фламастараў. У выніку атрымаліся разнастайныя маляўнічыя яйкі, якія здольныя ўпрыгожыць любы святочны стол.
На радасць дзятвы, святочны занятак завяршыўся спаборніцтвамі па катанні яек, а таксама чаяваннем з салодкімі пачастункамі, што, несумненна, пакінула ў іх самыя прыемныя і пазітыўныя эмоцыі і ўражанні.
Інфармацыя падрыхтавана:
Настасся Лукашэнак,
кіраўніца дзіцячай студыі “Скарбніца”