Цэнтр беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання (ЦБК) у 2022 годзе запусціў новы цыкл мерапрыемстваў – даследчую акцыю “Артэфакты маёй сям'і” у кантэксце этнічнай і нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. На гэта арганізатараў натхніў артыкул этнографа, фалькларыста, акадэміка Яніны Курсітэ-Пакулэ.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/509-vyvuchaem-artefakty-belaruskaj-syam-i#sigProId2428f5a6c4
Адпраўляючыся ў чужую прастору, чалавек бярэ з сабой не толькі самыя неабходныя, практычныя рэчы для жыцця, але і прадметы з сімвалічным напаўненнем. Індывідуальныя рэчы на чужыне для ўладальніка з'яўляюцца часткай страчанай сваёй прасторы, знакам страчанай бацькоўскай хаты. Рэчы, узятыя са сваёй прасторы ў чужую, дапамагаюць захаваць мінулае і перажыць ненадзейную сучаснасць, надаюць чалавеку сілы. Аб гэтым піша ў даследаванні “Свае рэчы ў чужой прасторы” Я. Курсітэ-Пакулэ, якая вывучала сувязь з радзімай праз прадметы ў сем'ях сялян-перасяленцаў, дэпартаваных эміграваных пасля Другой сусветнай вайны латышоў.
Безумоўна, у нашыя дні каштоўнасць рэчаў нівеліравалася. Між тым беларусы, якія ў другой палове ХХ стагоддзя добраахвотна пакінулі радзіму па эканамічных і сямейных прычынах, і ў Латвіі імкнуліся захаваць традыцыйны парадак рэчаў. У сельскай мясцовасці гэта атрымлівалася лепш, у гарадах звыклы асабісты свет мяняўся ў асяроддзі серыйных прадметаў. У дамах і кватэрах беларусаў у Даўгаўпілсе можна сустрэць шмат этнічных рэчаў. Пра гэта гаварыла кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, пазначыўшы мэты акцыі: вывучыць беларускую дыяспару Даўгаўпілса праз артэфакты іх сем'яў, даведацца, на якім пакаленні сувязь з радзімай перарываецца і “старызну” выкідваюць, тым самым цалкам прыняўшы новую прастору пасялення.
Акцыя “Артэфакты маёй сям'і” стартавала ў студзені з прадметаў хатняга ўжытку, якія прывезлі ў Даўгаўпілс з Беларусі іх уладальнікі ці наследнікі. Усе мы родам з дзяцінства і з бацькоўскай хаты, таму цыкл мерапрыемстваў падзелены на 5 тэматычных вечароў: хатняе начынне, тэкстыль, прылады працы, фатаграфіі, кнігі і дакументы; а завершыцца акцыя ў майскія Дні беларускай культуры тэмай сакральных прыналежнасцей (абразы, малітвеннікі, крыжы).
Ветэран культурнай сферы Яўгенія Гуляева з настальгіяй распавяла гісторыю свайго нямецкага баяна, які бацька купіў на рынку ў пасляваенным Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург), прадаўшы ўраджай мёду і яблыкаў са свайго саду пад Браславам. З ім юная выпускніца паехала вучыцца ў Гродна, а потым перавозіла з сабой на новыя месцы жыхарства. Музычны інструмент цудоўна захаваўся. Другі прадмет – драўляная хлебніца, інкруставаная саломкай, падарунак удзячных экскурсантаў, нагадаў аб тым даўнім займальным падарожжы па гарадах Беларусі. З часам прадметы з гарадской кватэры перамясціліся ў музейную хатку ЦБК.
Іосіф Раманоўскі расказаў пра свайго дзеда. Майстравіты селянін Альбін сам вырабляў усе сталярныя рэчы для сваёй гаспадаркі ў Пастаўскім раёне. Разное крэсла і футляр для будзільніка, куфар і куфэрак пераехалі ў Даўгаўпілс. Непатрабавальная з выгляду невялікая драўляная скрыначка спадабалася дачцэ Ілоне. Так рэч перайшла да чацвёртага пакалення сям'і. Куфар атрымаў новае жыццё – быў па-майстэрску адрэстаўраваны рыжскім мастаком, чырванадрэўшчыкам Васілём Малышчыцам. У ім па-ранейшаму захоўваюцца прылады, праўда, ужо не сталярныя, а малявальныя. Частка рэчаў на час пераехала ў музей ЦБК.
З імі суседнічае сталовы камплект – графін і шкляначкі, выкананыя ў тэхніцы дэкаратыўна-прыкладной творчасці інкрустацыі саломкай. Такі падарунак некалі зрабілі калегі Марыі Памецька – маладой настаўніцы сельскай школы на Гродзеншчыне.
Драўляная шкатулка, распісаная ўручную кветкамі, таксама з прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такі падарунак ад таты на 8 сакавіка атрымала школьніца Жанна Раманоўская. Другі прадмет з сямейнага гнязда на Полаччыне – белы фарфоравы штоф у выглядзе пеўня з пазалотай. Ёмістасць не выкарыстоўвалася па прызначэнні, а з 1960-х гадоў беражліва захоўвалася ў буфеце за шклом як падораны “прадмет раскошы”. Такія статуэткі выпускаў Гарадніцкі фарфоравы завод (Украіна).
Падобны графін, толькі ў форме рыбкі з пазалотай, радня падарыла на вяселле маладой сям'і Іны Валюшка гадоў 50 таму. Кошт па тых часах – 4 рублі 35 капеек. Скульптура захоўваецца ў сям'і ўжо ў чацвёртым пакаленні, а вось Рыжскага фарфоравага завода таксама даўно няма. Пра гэта з горыччу гаварыла І. Валюшка.
Па цяперашніх мерках сапраўднай раскошай можна назваць лямцавыя валёнкі ручной працы. Лілія Воранава ў халодныя дні носіць маміны валёнкі па хаце, а навагоднюю ёлку ўпрыгожвае старадаўнімі шклянымі цацкамі, прывезенымі з Міёрскага раёна. Пра гэта было яе кранальнае апавяданне.
Вечар аповядаў пра дарагія рэчы, сям'ю, бацькоў, беларускую радзіму ў свята Вадохрышча настроілі аўдыторыю на светлы, мінорны лад, што гучала ва ўнісон з песнямі харавой капэлы “Спадчына” і фальклорнага ансамбля “Купалінка”.
Наступная тэма даследчай акцыі “Артэфакты маёй сям'і” – хатні тэкстыль. Гэта можа быць ручнік, абрус, дыван, народны касцюм ці нават футболка з беларускім прынтам, галоўнае – іх сімвалізм і гісторыя для ўладальніка.
Далучайцеся! Дарэчы, 2022 год у Беларусі праходзіць пад знакам гістарычнай памяці. Дата сустрэчы – 9 лютага, час – 17 гадзін, месца – Цэнтр беларускай культуры, рэжым – “зялёны”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
кіраўніца Цэнтра беларускай культуры