118 малюнкаў патрыятычных сімвалаў і традыцыйных знакаў Латвіі даслалі жыхары Даўгаўпілскага і Аўгшдаўгаўскага краю на конкурс-квэст, які з 1 па 15 лістапада 2021 года праводзіў Цэнтр беларускай культуры (ЦБК), прымеркаваўшы мерапрыемствы да дзяржаўнага свята – Дня абвяшчэння незалежнасці Латвійскай Рэспублікі.
Галоўным заданнем квэста “Вывучай Латвію па сімвалах і знаках!” было выбраць аб'ект, намаляваць, а таксама напісаць яго назву на латышскай і беларускай мовах. Удзельнікі добра папрацавалі і даслалі больш за сто малюнкаў у электронным выглядзе. Іх можна паглядзець у галерэі на старонцы Цэнтра беларускай культуры ў Facebook.
На малюнках прадстаўлены не толькі традыцыйныя сімвалы Латвіі, такія як двухкропкавая божая кароўка, лугавы рамонак або ліпа, але і нацыянальныя сімвалы, знакі арнаменту і нацыянальны касцюм. На адным з малюнкаў быў знойдзены дуб, той самы, які да 2013 года быў намаляваны на 5-латавай грашовай купюры.
Конкурс не меў узроставых абмежаванняў. Самаму юнаму ўдзельніку на момант конкурсу было 2 гады! Актыўна малявалі выхаванцы дзіцячых садоў і навучэнцы школ: 1-га, 26-га, 20-га, 10-га, 32-га і Ругельскай дашкольнай установы, вучні Даўгаўпілскай 16-ай і 9-ай сярэдняй школы, Даўгаўпілскай Дзяржаўнай гімназіі і Наўенскай асноўнай школы Аўгшдаўгаўскага краю.
Цэнтр беларускай культуры дзякуе ўдзельнікам творчага квэста за крэатыўнасць і спагадлівасць, за намаганні ў вывучэнні новых слоў на беларускай мове. Узнагарода – дыпломы і сувеніры ад ЦБК. Іх можна атрымаць у офісе ўстановы на вул. Алеяс, 68-1а ў працоўны час. Будзем удзячныя за прадстаўленыя арыгіналы малюнкаў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Ірына Апэйнанэ