7 верасня 2021 года скончылася дыпламатычная камандзіроўка ў Латвіі консула Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Раманкевіча Мікалая Уладзіміравіча. Перад растаннем адбылася сустрэча актывістаў беларускага таварыства і дыпламата, такая ёсць традыцыя.
Па абавязку службы Мікалай Раманкевіч часта сустракаўся з беларусамі Латгальскага рэгіёна, наведваў іх мерапрыемствы, паколькі займаўся пытаннямі беларускай дыяспары.
Неяк адразу атрымалася выбудавать дзелавое супрацоўніцтва, якое грунтавалася на простых чалавечых адносінах, пачуцці зямляцтва, сувязі з этнічнай радзімай. Нядзіўна, што ў дыяспары консула называюць «Наш Мікалай», можна было свабодна прыйсці да яго на прыём, пагаварыць па душах. Таму і растанне было авеяна сумам. Гарталі фотаальбом з летапісам мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаў консул Н. Раманкевіч за гэтыя 3,5 гады. Першы здымак - ліпень 2018 года, канцэрт “Беларускае Купалле” у Доме Адзінства. Ансамблі Цэнтра беларускай культуры напярэдадні ўначы вярнуліся з Латвійскага свята песні і танца з Рыгі, а беларускаму таварыству “Уздым” споўнілася 25 гадоў. З усімі святамі адначасова і павіншаваў беларусаў консул Мікалай Раманкевіч. Гэта быў яго першы публічны выхад, наступны - у Дагдзе на фестывалі беларускай песні “Фэст”, а далей - шмат розных падзей і мерапрыемстваў у Латгаліі, пра што будуць нагадваць фатаграфіі ў альбоме.
Наша супрацоўніцтва было эфектыўным і пазітыўным. Пра гэта гаварылі ўдзельнікі сустрэчы ў Беларускім доме, выказаўшы словы ўдзячнасці консулу М. Раманкевічу.
Паважаны Мікалай Уладзіміравіч! Удачы Вам ва ўсім і поспехаў у дыпламатычнай прафесіі!
Жанна Раманоўская