3 верасня 2021 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася літаратурная гасцёўня, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства, які штогод адзначаецца ў Беларусі ў першую нядзелю верасня. Сімвалічнае мерапрыемства дало старт новаму творчаму сезону ЦБК.
“З глыбокай старажытнасці – спрадвеку,
каб з плеч сагнутых скінуць гнёту груз.
Каб мову мець, каб звацца Чалавекам,
цягнуўся да асветы беларус.”
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/479-dzen-belaruskaj-pismennastsi-zakla-novuyu-tradytsyyu-da-ga-pilse#sigProId73a4cbb742
Гэтымі паэтычнымі радкамі палескага паэта Міколы Федзюковіча пасяджэнне літаратурнай гасцінай, прысвечанае святу Слова і святу Кнігі, адкрыла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, пазнаёміўшы прысутных з гісторыяй узнікнення, вехамі развіцця і традыцыямі свята, з гісторыяй беларускай мовы на лінгвістычнай карце Еўропы.
Для кожнага беларуса першая нядзеля верасня асабліва значная – гэта Дзень беларускага пісьменства. Гэты дзень стаў нацыянальным святам беларусаў, увасабленнем адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа. Штогод, пачынаючы з 1994 года, святкаванне праходзіць у розных гарадах, багатых гістарычнай спадчынай – старадаўніх гістарычных цэнтрах культуры, асветы і кнігадрукавання. Дзень духоўнасці, літаратуры і культуры пачаў сваё шэсце ў старажытным горадзе Полацку, на радзіме Францыска Скарыны – беларускага першадрукара і асветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Полацк, дарэчы, тройчы станавіўся сталіцай святкавання Дня беларускага пісьменства.
На мерапрыемстве прысутнічаў Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць. “Беларуская мова – адна з найважнейшых крыніц высокай духоўнасці беларускага народа, невычэрпны найбагацейшы матэрыял для даследавання і вывучэння”, – адзначыў Ілля Віктаравіч і выказаў надзею, што наша родная мова будзе развівацца і захоўвацца нашчадкамі, у тым ліку і этнічнымі беларусамі, якія пражываюць за мяжой.
Беларуская дыяспара Даўгаўпілса беражліва захоўвае сваю культуру. Многія таленавітыя літаратары пішуць на беларускай мове. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька прачытаў некалькі вершаў на роднай мове, якую ён лічыць першаасновай нацыі. Паэт два разы прымаў непасрэдны ўдзел у Днях беларускага пісьменства – у г. Шклове і г. Шчучыне, і падзяліўся сваімі незабыўнымі ўражаннямі; лічыць, што пабываць на свяце пісьменства трэба кожнаму беларусу. Паэтычную эстафету падхапіла Лілія Воранава; яе вершы аб роднай зямлі закранулі кожнага да глыбіні душы.
Супрацоўнікі ЦБК Ірына Апэйнанэ і Марыя Памецька падрыхтавалі невялікую відэапрэзентацыю пра г. Капыль (Мінская вобласць), на старажытнай зямлі якога адзначаюць свята Словы і Кнігі ў гэтым годзе. А завяршылася пазнавальнае мерапрыемства віктарынай “Сталіцы духоўнага шляху” – удзельнікі літаратурнай гасцінай дружна, захоплена і вельмі паспяхова адказалі на ўсе прапанаваныя пытанні. Вы ведаеце, напрыклад, што ў даўнія часы нават дзейнічала школа, у якой навучалі мядзведзяў? Гэтым славілася Смаргонь.
Ж. Раманоўская азнаёміла гасцей з падоранымі кнігамі, якія папоўнілі бібліятэку Беларускага дома за апошні год. Тут і рарытэтны альбом “Беларускі народны арнамент” 1953 года выдання, падораны дачкой беларускі, якая вышывала па кніжных узорах сваю рукадзельную вопратку; і новыя выданні, падораныя аўтарамі: Вячка Целеш “Ваўкавыскія паштоўкі 1910-1939. Каталог” (2021 г., Рыга); Максім Каралёў, Андрэй Герберг “Латышская аперацыя ў БССР” (2021 г., Рыга); Tomasz Bļasczczak, Iryna Matiash, Dorota Michaluk “Ivan Krasovski (1880-1955). W sļužbie Biaļorusi i Ukrainy” (2019 г., Беласток) і іншыя.
Удзельнікі літаратурнай гасцёўні захоплена размаўлялі пра родную мову, пісьменства, сваю малую радзіму і падтрымалі ініцыятыву Ж. Раманоўскай зрабіць традыцыю – штогод адзначаць у пачатку верасня Дзень беларускага пісьменства, у час якога прэзентаваць выдадзеныя за год кнігі даўгаўпілскіх беларускіх аўтараў. Гэта будзе спрыяць захаванню сваёй роднай мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці, пераемнасці духоўных традыцый.
А папрыгажэўшы да Дня беларускага пісьменства г. Капыль яшчэ прыме рэгіянальнае свята “Дажынкі – 2021” і перадасць эстафету гораду Добруш (Гомельская вобласць), які стане сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе.
Мерапрыемства праводзілася па “зялёнаму сцэнарыю”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК