19 і 23 жніўня 2021 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) школьнікі з летніх лагераў адпачынку знаёміліся з традыцыямі беларускай культуры і святам Яблычны Спас.
Жнівень - напэўна, самы багаты месяц года, калі спеюць збожжавыя, гародніна і садавіна, якія забяспечваюць чалавека прадуктамі харчавання на ўвесь год. Адным з першых святаў ураджаю з'яўляецца Яблычны Спас, які прыпадае на 19 жніўня. Гэта дзень, з якога, па павер'ях, прырода разгортваецца ад лета да восені. Акрамя Яблычнага Спаса ў народным календары славян таксама адзначаны Спас мядовы (14 жніўня) і Спас арэхавы (29 жніўня). Пра гэта школьнікам распавядала кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская.
Дзеці знаёміліся з такім беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам як “выцінанка / выразанка”, самі клеілі паштоўку з ажурнай папяровай аплікацыяй-яблыкам і вершам Станіслава Валодзькі “На Яблычны Спас”. Юныя гледачы з цікавасцю глядзелі музычны мультфільм па беларускай народнай казцы, намаляваны ў стылі выцінанкі, і слухалі беларускую гаворка. Некалькі слоў на беларускай мове нават вывучылі ў гульні – “сябры”, “дзякуй”, “да пабачэння”.
Педагогі Настасся Лукашонак і Алена Радзівонава правялі з дзецьмі карагодную гульню “Падушачка”. Занятак працягнуўся ў музейным пакоі “Беларуская хатка”, дзе можна было патрымаць у руках экспанаты і даведацца іх гісторыю.
Пачастункам для дапытлівых экскурсантаў сталі сакавітыя яблыкі.
З традыцыямі Спаса і беларускай культуры пазнаёміліся 50 удзельнікаў лагераў дзіцячага летняга адпачынку “Ягады” і “Прыродны парк”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры