У пятніцу, 9 ліпеня 2021 года, у 18.00, ва ўнутраным дворыку Даўгаўпілскага краязнаўчага і мастацкага музея (вул. Рыгас, 8) адбудзецца святочны канцэрт “Беларускае Купалле”, арганізаваны Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК) у супрацоўніцтве з Упраўленнем культуры Даўгаўпілскай гарадской думы і Даўгаўпілскім краязнаўчым і мастацкім музеем.
Святы ў гонар летняга сонцастаяння ёсць у многіх народаў Еўропы. У абрадах беларускага Купалля цесна перапляліся старажытныя язычніцкія і больш познія хрысціянскія традыцыі. Падчас свята людзі дзякавалі і пакланяліся магутным стыхіям – Сонцу, Агню, Вадзе, Зямлі.
Народнае свята Купалля ўжо стала штогадовай культурнай традыцыяй у Даўгаўпілсе, штогод змяняючы месца правядзення і фармат. У гэты раз будзе святочны канцэрт “Беларускае Купалле”, які пройдзе ў музейным дворыку. Гледачоў чакаюць песні і танцы ад творчых калектываў ЦБК: ансамбля беларускай народнай песні “Купалінка”, танцавальнага ансамбля “Лянок”, вакальнага ансамбля “Пралескі”, харавой капэлы “Спадчына”, тэатральнай студыі “Паўлінка”. Таксама можна будзе сфатаграфавацца ў купальскім вянку жаданняў, зрабіць абярэг з прыродных матэрыялаў, сабраць букецік з лугавых траў або паспрабаваць мядова-чайны напой.
Увазе гледачоў! У Латвіі захоўваюцца пэўныя абмежаванні, звязаныя з каронавіруснай пандэміяй, таму на канцэрце зможа прысутнічаць толькі 100 гледачоў, якія вакцынаваны або перахварэлі і маюць Covid-сертыфікат. Прыходзіць трэба загадзя, з раздрукаваным альбо загружаным у сваім мабільным тэлефоне QR-кодам. Пры сабе неабходна мець дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, ID-карта). Арганізатары загадзя прыносяць свае прабачэнні гледачам за дастаўленыя нязручнасці і разлічваюць на разуменне дзеючай сітуацыі.
На мерапрыемстве вядзецца фотаздымка.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры