У пятніцу, 20 мая 2016 года, у 17.30, у даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) пройдзе творчы вечар вядомага паэта, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі. Гэтым вечарам адкрываюцца традыцыйныя майскія дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе.
Станіслаў Валодзька- ураджэнец Гродзенскай вобласці, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў для дзяцей і дарослых, прымае актыўны ўдзел у Днях беларускай культуры, творчых вечарах і сустрэчах як у Латвіі, так і за яе межамі. Станіслаў Віктаравіч узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Яго вершы публікаваліся ў Латвіі, Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Англіі. На вершы С.Валодькі напісана шмат песень, некаторыя з іх прагучаць на вечары ў выкананні беларускіх калектываў “Купалінка”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Ластаўкі”, а таксама салістаў Аляксандра Лапы, Юлі Хмяльніцкай, Валерыя Кацегава, Інгі Дукшта, Інны Краліка.
Творчая сустрэча з таленавітым паэтам і актыўным грамадскім дзеячам адбудзецца 20 мая, у 17.30, у Цэнтры беларускай культуры (г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92, Палац культуры, 3 паверх, 305 каб.). Правядзём вечар разам у цёплай і дружнай атмасферы знатакоў паэзіі, песень і танцаў!